Павел Латушка: На 32-м Эканамічным форуме слухаем і гаворым у тым ліку і пра Беларусь
У польскім Карпачы працуе XXXII Эканамічны форум, які сабраў каля 5 000 удзельнікаў у межах 470 дэбатаў. Яго галоўная тэма – бяспека, энергетыка, міжнародная палітыка. Пра абмеркаванне беларускага пытання кажа ўдзельнік Форуму, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка:
— Гэта самае буйная мерапрыемства на ўсходзе цэнтральнай Еўропы, што адбываецца ў Польшчы. Я прыймаў удзел у дзвюх панэлях, таксама адбываюцца іншыя панэлі, у якіх закранаецца тэма Беларусі. Падчас тых двух панэляў для мяне галоўная заява — важнасць распрацавання стратэгіі: што рабіць з рэжымам Лукашэнкі, якім чынам прывесці Беларусь да зменаў. Усе, хто быў разам са мной удзельнікамі панэлі, што выступалі, падтрымалі галоўны, на жаль, адмоўны тэзіс для нас усіх, што няма стратэгіі ані ў Еўрапейскага саюзу, ані ў іншых дэмакратычных краінаў, як знайсці выхад з сітуацыі ў Беларусі.
Сёлета сярод гасцей форуму прэзідэнты, прэм’ер-міністры, кіраўнікі сусветных карпарацый, эксперты, навукоўцы і дзеячы мастацтва з розных краін свету. 7-га верасня – завяршальны дзень працы XXXII Эканамічнага форуму.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя