Пазыкі «Гомсельмаша» перавысілі вартасць усіх актываў прадпрыемства
Пра гэта стала вядома з бухгалтарскай справаздачнасці акцыянернага таварыства па выніках першага квартала 2020 года.
З бухгалтарскіх дадзеных вынікае, што па выніках першага квартала прадпрыемства атрымала чыстую страту ў суме 260 млн рублёў. І па выніках мінулага года прадпрыемства ўвайшло ў лік самых стратных акцыянерных таварыстваў Гомельскай вобласці са стратай 30 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Велізарныя страты прывялі да таго, што сума ўласных сродкаў прадпрыемства ўпершыню апусцілася ніжэй за нуль. На дадзены момант адмоўная сума чыстых актываў складае ўжо больш за 200 млн рублёў.
Да велізарных страт прывялі ў першую чаргу курсавыя розніцы ад пераліку актываў і абавязацельстваў, выкліканыя падзеннем курсу беларускага рубля. Слабым суцяшэннем можа служыць істотны рост выручкі ад рэалізацыі. У параўнанні з мінулым годам Гомсельмаш прадаў у 2,5 разы больш, чым летась, але сума рэалізацыі не супастаўная са стратамі – усяго 86 млн рублёў.
Пры гэтым «Гомсельмаш» з’яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам Гомеля па колькасці работнікаў. На пачатак года тут працавала больш за 8 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя