Пенсіі могуць быць падвышаныя яшчэ на 5% да канца года



Пенсіі ў Беларусі да канца года могуць вырасці яшчэ на 5%, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 5 кастрычніка, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Паводле яго слоў, урад рыхтуе адпаведную прапанову кіраўніку дзяржавы.

Зніжэнне рэальнага памеру пенсій раней назіралася пяць месяцаў запар (у снежні 2017-га — на 0,3%, у студзені 2018-га — на 0,8%, у лютым — на 0,7%, сакавіку — на 0,8%, красавіку — на 0,3%) пасля росту ў лістападзе 2017 года на 4,3%. У маі ён павялічыўся на 5,5%, у чэрвені зноў знізіўся — на 0,4%, у ліпені — вырас на 0,2%.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў жніўні 2018 года ў параўнанні з ліпенем вырас на 34,3 рубля і склаў 374,8 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў жніўні гэтага года на ўліку стаяла 2 млн 550,5 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 363,9 рубля (на 32,7 больш, чым у ліпені), што ў 2,2 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.

З 1 жніўня працоўныя пенсіі былі павышаныя на 10%.

БелаПАН