МВФ прыпыніў перамовы з Беларуссю па новай крэдытнай праграме



Міжнародны валютны фонд прыпыніў перамовы з Беларуссю па новай крэдытнай праграме, заявіў 20 ліпеня на брыфінгу ў Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік фонду Вільям Мюрэй.

„Дыскусіі па крэдытнай праграме для Беларусі пакуль спыненыя ў чаканні выразнай падтрымкі неабходных змяненняў на высокім узроўні, якія тычацца камунальнай гаспадаркі і сектара дзяржаўных прадпрыемстваў”, — сказаў Мюрэй.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што місія валютнага фонду знаходзілася ў Менску ў чэрвені гэтага года і наступны раз плануе наведаць Беларусь восенню для ацэнкі макраэканамічнай сітуацыі ў краіне.

Раней урад Беларусі запытаў у МВФ новы крэдыт у 3 млрд долараў пад 2,28% гадавых на 10 гадоў. Валютны фонд увязвае выдзяленне крэдыту з правядзеннем у рэспубліцы комплексу рэформаў як у фінансавым сектары, так і ў сектары дзяржпрадпрыемстваў. На думку фонду, у Беларусі неабходна рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць рэструктурызацыю і прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў з мэтай павышэння іх эфектыўнасці. Таксама фонд рэкамендуе перагледзець сістэму карпаратыўнага кіравання дзяржсектарам.

Апошняя місія МВФ у Менску знаходзілася 5-12 чэрвеня, аднак па яе выніках публічных заяў супрацоўнікамі валютнага фонду зроблена не было.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у чэрвені эканамісты МВФ сустракаліся з прадстаўнікамі Нацбанка і абмеркавалі з імі манетарную палітыку ўладаў. Акрамя таго, у місіі фонду адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Мінфіна і Міністэрства эканомікі, падчас якіх эксперты фонду абмяркоўвалі сітуацыю ў дзяржсектары, які, на думку МВФ, з’яўляецца крыніцай крэдытных і фіскальных рызык.

Беларускія эканамісты тлумачаць паўзу ў перамовах з МВФ па новай крэдытнай праграме тым, што беларускі бок пакуль не гатовы рэалізаваць прапановы фонду па глыбокім рэфармаванні дзяржсектара.

Падчас красавіцкага штогадовага паслання ў парламенце Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што беларускі бок пакуль не гатовы прыняць рэкамендацыі МВФ у гэтым кірунку.

„Па дзяржпрадпрыемствах. Не, гэта мы не зможам сёння зрабіць. Не таму, што гэта няправільна. Таму, што нам пакуль гэта не падыходзіць. Нам трэба разабрацца спачатку з гэтымі прадпрыемствамі”, — падкрэсліў Лукашэнка, каментуючы рэкамендацыі МВФ.

belapan.by