Перамовы з Расеяй пра далейшыя пастаўкі нафтапрадуктаў завяршаюцца



Перамовы з Расеяй аб далейшых пастаўках нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь знаходзяцца „практычна на завяршальным этапе”, паведаміў старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў у эфіры праграмы „Контуры” тэлеканала ОНТ увечары 7 кастрычніка.

„Найбліжэйшым часам мяркуецца падпісанне шэрагу дакументаў. Калі казаць увогуле пра сутнасць (таму што канчаткова можна будзе меркаваць пасля падпісання гэтых дакументаў), то ўсе суб`екты гаспадарання будуць забяспечаныя нафтахімічнай прадукцыяй у поўным аб`ёме і нават звыш таго, што яны планавалі ў гэтым і наступным годзе”, — дадаў кіраўнік дзяржканцэрна.

Самым важным пытаннем, якое патрабуе рашэння да канца 2018 года, Рыбакоў назваў наступствы ад расейскага падатковага манеўру. Паколькі ў выніку яго рэалізацыі „фактычна мы прыйдзем да сусветнай цаны на нафту”, дадаў ён.

„Але пры гэтым сваім (расейскім. — БелаПАН.) суб`ектам гаспадарання гэта кампенсавана праз механізмы акцызаў. Гэта значыць, фактычна нафтаперапрацоўшчыкі Расейскай Федэрацыі нічога не страцяць. У нашым бюджэце такіх інструментаў проста няма. У сувязі з гэтым у нас наперадзе вельмі сур`ёзныя перамовы з Расеяй па выраўноўванню канкурэнтнага асяроддзя для таго, каб наша нафтаперапрацоўка працавала ў аналагічных умовах. Мы фактычна пачынаем актыўную фазу гэтых перамоваў”, — удакладніў кіраўнік „Белнафтахіма”.

belapan.by