Першы беспілотны электробус пратэсціравалі ў „Вялікім камені”



 Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын і кіраўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка „Вялікі камень” пратэсціравалі беспілотны аўтобус на электрычным хаду. Гэта першы ў нашай краіне ўзор такога транспарту.

Электробус распрацаваны па тэхналогіі вучоных з Сінгапура. Максімальная скорасць, якую можа развіць прататып, складае 40 км/гадз. Праўда, бяспечная эксплуатацыйная скорасць ніжэйшая – каля 25 км/гадз. Запас ходу – каля 180 км. Поўная зарадка займае не больш за 4 гадзіны.

Як растлумачыў Аляксандр Турчын, работа над такім транспартам пачалася яшчэ ў канцы 2019 года, калі вызначыліся, дзе будуць рабіць тэставыя зоны 5G. „Адна з ідэй якраз і заключалася ў тым, каб паглядзець, як у індустрыяльным парку будзе працаваць беспілотны транспарт. Сёння быў першы вопыт, але я думаю, гэта толькі пачатак”, – дадаў ён.

На думку старшыні Мінаблвыканкама, камерцыйная эксплуатацыя беспілотнага транспарту магчыма ўжо ў бліжэйшым будучым: перш за ўсё трэба адпрацаваць тэхналогію на тэрыторыі індустрыяльнага парка. Далей прадстаўнікі ДАІ вывучаць пытанне, паглядзяць, што трэба змяніць у заканадаўстве для арганізацыі камерцыйнай эксплуатацыі беспілотнікаў. „Акрамя таго, згодна з праектам рэканструкцыі трасы М3 Менск – Віцебск мы плануем (і, думаю, нас падтрымае кіраўнік дзяржавы) падрыхтаваць выдзеленыя палосы для грамадскага транспарту. На мой погляд, відавочна, што ў перспектыве гэтыя палосы можна выкарыстоўваць для беспілотнага транспарту. Здаецца, што гэта далёкая будучыня, але на самай справе гэта наша рэчаіснасць”, – сказаў Аляксандр Турчын.

У цэлым за аналагічнымі лічбавымі тэхналогіямі будучыня. „Дыстанцыйнае навучанне, анлайн-дастаўкі і іншыя сэрвісы і раней прысутнічалі ў нашым жыцці. Але цяпер яны развіваюцца ўзрыўнымі тэмпамі. Несумненна, будучыня за лічбавізацыяй. І наша задача – не ўпусціць гэту будучыню, паколькі гэта перспектывы ў тым ліку і для росту эканомікі”, – лічыць старшыня Мінаблвыканкама.

Таксама кіраўнік вобласці правёў рабочую сустрэчу з кіраўніцтвам індустрыяльнага парка. Бакі абмеркавалі рэалізаваныя і перспектыўныя праекты, а таксама актуальны стан спраў у інавацыйным кластары. „Для мяне ўдвая прыемна сёння тут быць. Мінула пяць гадоў, як лідары Беларусі і Кітая наведалі пляцоўку. Гэта было нібыта ўчора. Я вельмі рады, што парк рэалізуе шматлікія праекты. Як гаварылі тады кіраўнікі дзяржаў, „Вялікі камень” павінен стаць сапраўднай жамчужынай Шаўковага шляху. Я думаю, мы да гэтага рухаемся. У маёй асобе вы заўсёды маеце надзейнага партнёра”, – сказаў на заканчэнне Аляксандр Турчын.

belta.by

Фота „Млын”