Першы блок БелАЭС зноў адключаць ад сеткі
Першы энергаблок БелАЭС 10 сакавіка будзе планава адключаны ад сеткі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Блок адключаць у адпаведнасці з праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі. Гэтым разам — для „даследаванняў ксенонавых пераходных працэсаў у рэактарнай устаноўцы са зніжэннем яе магутнасці да мінімальна кантраляванага роўню”.
„Гэты від даследаванняў неабходны для вызначэння нейтронна-фізічных характарыстык актыўнай зоны рэактара”, — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.
Мінулым разам блок адключалі 20 лютага — для правядзення „рэгламентных работ, прадугледжаных этапам доследна-прамысловай эксплуатацыі”. У сетку яго паўторна ўключылі 8 сакавіка, пасля чаго пачалося падвышэнне магутнасці рэактарнай устаноўкі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Тут.бай