Першы блок БелАЭС зноў спыняць на рамонт напрыканцы 2023 года



Напрыканцы года першы блок Беларускай АЭС зноў спыніцца на рамонт. Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч кажа, што гэта будзе другі планава-папераджальны рамонт на энергаблоку.

„Будзе забяспечана чарговая перагрузка часткі ядзернага паліва. Яно ўжо дастаўленае на пляцоўку БелАЭС і прайшло ўваходны кантроль”, — перадае БЕЛТА словы кіраўніка Мінэнерга.

Падчас гэтага рамонту, па словах Каранкевіча, таксама плануецца дыягностыка тэхналагічных сістэм, кантроль металу абсталявання рэактарнага і турбіннага цэхаў, ды іншыя мерапрыемствы.

Першы планава-папераджальны рамонт, як кажуць у ведамстве, на блоку адбыўся ў 2022 годзе. Тады першы блок адключылі на паўгода — з канца красавіка аж да пачатку лістапада. На які тэрмін цяпер адключаць АЭС, чыноўнікі не паведамляюць.