Першы блок БелАЭС зноў уключылі ў сетку
Першы энергаблок Беларускай АЭС уключаны ў сетку 6 мая ў 14.48, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Блок быў выключаны з 7 красавіка — 29 дзён. Увесь гэты час на ім праводзілі „рэгламентныя работы, прадугледжаныя этапам доследна-прамысловай эксплуатацыі”.
„Спецыялісты пачалі комплекснае апрабаванне абсталявання энергаблока на намінальным узроўні магутнасці рэактарнай устаноўкі, якое будзе доўжыцца 15 сутак. Комплекснае апрабаванне завершыць этап доследна-прамысловай эксплуатацыі блока”, — адзначылі ў міністэрстве.
Раней сёлета ў адключаным стане блок знаходзіўся 25—31 сакавіка „для правядзення выпрабаванняў і рэгламентных работ”, 10—14 сакавіка — для „даследаванняў ксенонавых пераходных працэсаў у рэактарнай устаноўцы са зніжэннем яе магутнасці да мінімальна кантраляванага ўзроўню”, 20 лютага — 8 сакавіка — для „правядзення рэгламентных работ”, 16—21 студзеня — у выніку спрацоўвання сістэмы абароны генератара.
Летась блок быў адключаны 8—19 лістапада з-за выяўленай неабходнасці замяніць асобнае электратэхнічнае вымяральнае абсталяванне, 3—21 снежня — для тэставання сістэм і абсталявання перад пераходам да этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі.
30 красавіка адбыліся грамадскія слуханні перад выдачай ліцэнзіі МНС на прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС. Да выдачы ліцэнзіі аб’ект павінна ацаніць прыёмачная камісія.
Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расеі паводле расейскага праекта ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 80%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).
Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. Увесці яго ў прамысловую эксплуатацыю плануецца гэтай вясной.
19 красавіка на станцыю даставілі ядзернае паліва для пачатковай загрузкі рэактара другога энергаблока АЭС. Увесці другі блок у эксплуатацыю ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 447 ад 30 лістапада 2020 года павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што запусціць другі блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў ліпені наступнага года.