Першы энергаблок БелАЭС павінен запрацаваць на поўную магутнасць да канца 2019 года
Першы энергаблок Беларускай АЭС выйдзе на поўную праектную магутнасць да канца 2019 года, паведаміў 23 лютага намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.
„Па графіку будаўніцтва станцыі, для таго каб забяспечыць пуск першага блока ў 2019 годзе, мы ў лютым 2018-га павінны ажыццявіць фізічны пуск рэактарнай устаноўкі і загрузіць паліва ў рэактар, — адзначыў Міхадзюк. — Пасля гэтага па спецыяльных праграмах будзе пачаты комплекс выпрабаванняў, потым робіцца выхад на электрычную магутнасць, якая будзе паступова нарошчвацца”.
„Летам 2019 года мы павінны выйсці на ўключэнне ў сетку з пэўнай магутнасцю. Затым пачнецца этап паступовага нарошчвання магутнасці так, каб да канца года першы энергаблок станцыі пачаў працаваць на поўную праектную магутнасць”, — растлумачыў намеснік міністра.
Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць), паблізу ад беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расеі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.
belapan.by