Першы энергаблок БелАЭС уключаны ў сетку



Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ўключаны ў сетку, паведаміла прэс-служба Мінэнерга.

Паводле інфармацыі ведамства, гэта адбылося „пасля правядзення работ па замене трансфарматараў напружання ў вымяральных ланцугах генератарнага выключальніка, а таксама выпрабаванняў цеплаэнергетычнага абсталявання, неабходных вымярэнняў і даследаванняў”.

Як адзначаюць у Мінэнерга, уключэнне энергаблока ў сетку і набор нагрузкі праведзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналагічнага рэгламенту бяспечнай эксплуатацыі без заўваг. Рэактар першага энергаблока ў цяперашні час працуе на магутнасці 40% ад намінальнай. Працягваюцца выпрабаванні сістэм і абсталявання энергаблока. Згодна з графікам збудавання БелАЭС да этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока плануецца пачаць у снежні.

9 лістапада ў беларускіх тэлеграм-каналах з’явілася паведамленне, што напярэдадні турбіна першага энергаблока БелАЭС была спыненая з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. У той жа дзень літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заявіў, што з поўдня 8 лістапада электраэнергія на Беларускай АЭС не выпрацоўваецца. Увечары 9 лістапада прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што падчас выпрабаванняў на першым блоку „выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання”.

10 лістапада кансультант дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў паведаміў БелаПАН, што сітуацыя на станцыі не ўяўляе небяспекі. „Учора падчас выпрабавання яны выявілі неабходнасць замены электратэхнічнага абсталявання, якое адносіцца да чацвёртага класа, гэта значыць яно не ўплывае на бяспеку”, — сказаў ён.

Паводле слоў Собалева, Дзяржатамнагляд пераканаўся ў тым, што „бяспека першага энергаблока забяспечваецца належным чынам персаналам і сістэмамі бяспекі Беларускай АЭС, якія працуюць у штатным рэжыме”.

У другой палове таго ж дня Міністэрства энергетыкі афіцыйна пацвердзіла часовае прыпыненне пастаўкі электрычнай энергіі з БелАЭС у аб’яднаную энергасістэму краіны. У міністэрстве падкрэслілі, што гэта „прадугледжана праграмай этапу „Энергетычны пуск”.

„На гэтым этапе праграмы прадугледжаны рэжымы зніжэння магутнасці турбагенератара аж да нулявой — для правядзення выпрабаванняў і неабходных работ, уключаючы даводку і наладку абсталявання паводле вынікаў правядзення выпрабаванняў, што і адбываецца ў цяперашні час”, — падкрэслівалася ў паведамленні.

Беларуская АЭС будуецца каля Астраўца (Гарадзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расеі паводле расійскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру расійскай дзяржкарпарацыі „Расатам”.

Першы блок АЭС уключылі ў энергасістэму краіны 3 лістапада, ён пачаў выпрацоўваць электрычнасць. За першыя тры дні працы на блоку вырабілі 22 млн кілават-гадзін электраэнергіі. 7 лістапада магутнасць першага энергаблока была павышаная да 400 МВт.

Увесці першы энергаблок БелАЭС у прамысловую эксплуатацыю, пры якой ён будзе працаваць на 100% магутнасці, плануецца ў першым квартале 2021 года. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.

Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.

belapan.by