Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 99%, другі – на 75%



Ступень гатовасці першага энергаблока Беларускай АЭС складае 99%, сведчаць дадзеныя на сайце дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга», у чыім падпарадкаванні знаходзіцца ядзерны энергетычны аб’ект.

Зараз блок знаходзіцца на этапе энергетычнага пуску, які прадугледжвае «асваенне магутнасці рэактара да 50% ад намінальнай з уключэннем у сетку генератара». Галоўнай задачай на гэтым этапе з’яўляецца «пацверджанне надзейнай і бяспечнай працы сістэм, абсталявання і энергаблока ў цэлым».

Ступень гатовасці другога энергаблока БелАЭС, па інфармацыі «Белэнерга», складае 75%. Ён знаходзіцца на этапе перадпускавых наладачных работ, які прадугледжвае «прыёмку сістэм і абсталявання з мантажу; ачыстку абсталявання і трубаправодаў; выпрабаванні на шчыльнасць і трываласць, а таксама выпрабаванні машын і механізмаў на халастым хаду». На гэтым этапе таксама падрыхтоўваецца абсталяванне рэактарнай усталёўкі «для працы ва ўмовах халодна-гарачай абкаткі».

Беларускае Радыё Рацыя