Першы энергаблок Беларускай АЭС выведзены на мінімальна кантраляваны ровень магутнасці



Першы энергаблок Беларускай АЭС выведзены на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці (МКУ), паведаміла прэс-служба генеральнага падрадчыка і праекціроўшчыка збудавання станцыі — інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі „Расатам”.

Вывад рэактара на МКУ ажыццёўлены 11 кастрычніка ў 02:26. „Гэта азначае, што ў актыўнай зоне рэактара пачалася кіраваная ядзерная рэакцыя, якая сама падтрымліваецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Вывад рэактара на МКУ (менш за 1% ад намінальнай магутнасці) адкрывае заключную частку выпрабаванняў на этапе фізічнага пуску энергаблока і дазваляе спецыялістам бяспечна правесці шэраг вымярэнняў і праверыць фізічныя характарыстыкі актыўнай зоны рэактара на адпаведнасць патрабаванням праекта”, — паведамляе прэс-служба генпадрадчыка.

У агульнай складанасці, паводле інфармацыі падраздзялення „Расатама”, будзе праведзена больш за 50 даследаванняў, „якія дазволяць удакладніць атрыманыя пры разліках нейтронна-фізічныя характарыстыкі першай паліўнай загрузкі ядзернага рэактара, а таксама пацвердзіць надзейнасць функцыянавання абарон, блакаванняў і ўсёй сістэмы ядзерна-фізічнага кантролю і ядзернай бяспекі рэактарнай устаноўкі”.

„Вынікі праведзеных выпрабаванняў будуць перададзеныя ўпаўнаважаным органам Беларусі для атрымання дазволу на энергетычны пуск энергаблока, пасля чаго пачнецца паэтапны набор магутнасці”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы генпадрадчыка і праекціроўшчыка станцыі.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200.

У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі свежае ядзернае паліва. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.

На сустрэчы з „палітычным актывам краіны” 16 верасня Аляксандр Лукашэнка аб’явіў, што энергетычны пуск атамнай станцыі, пры якім АЭС пачне нарошчваць выдаванне ў сетку электрычнасці, запланаваны 7 лістапада.

Увесці блок у эксплуатацыю, пры якім ён запрацуе на 100% магутнасці, плануецца ў першым квартале 2021 года. Другі энергаблок станцыі намечана запусціць у 2021 годзе з выхадам на поўную магутнасць у 2022-м.

Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.

belapan.by