Першы танкер з азербайджанскай нафтай будзе адпраўлены 5-6 сакавіка



Першы танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі адгрузяць з турэцкага порта Джэйхан 5-6 сакавіка, паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”.

Другі танкер будзе адгружаны прыкладна 20 сакавіка з грузінскага порта Супса, дадаў прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка. Паводле яго слоў, агульны аб’ём пастаўкі складзе 160 тыс. тон. Нафту даставяць да порта ў Адэсе, а потым па нафтаправодах — да Мазырскага НПЗ.

Акрамя таго, у сакавіку чакаюцца два танкеры са 160 тыс. тон расійскай нафты без прэміі ў порце Клайпеды. „У першай дэкадзе прыйдзе першы танкер, крыху пазней — другі”, — удакладніў Цішчанка. З порта па чыгунцы нафту даставяць да наваполацкага завода „Нафтан”.

Акрамя гэтага расійскую нафту без прэміі ў Беларусь у сакавіку будзе пастаўляць група кампаній „Сафмар” і пяць новых пастаўшчыкоў. У прыватнасці, „Сафмар” паставіць 300 тыс. тон, „УДС нафта” — 50 тыс. тон. Астатнія кампаніі і аб’ёмы паставак не ўдакладняюцца. На НПЗ таксама паступіць нафта ўласнай здабычы. Раней Беларусь адпраўляла ўласную нафту на экспарт. „У выніку мы набіраем агульны аб’ём у 1 млн тон”, — сказаў прэс-сакратар „Белнафтахіма”.

Ён таксама паведаміў, што ў студзені і лютым на заводы было пастаўлена па 900 тыс. тон нафты. З пачатку года яны працуюць на мінімальнай загрузцы і ў першую чаргу забяспечваюць патрэбы ў паліве на ўнутраным рынку.

Беларускія НПЗ да гэтага часу не падпісалі доўгатэрміновыя кантракты з буйнымі расійскімі пастаўшчыкамі, сярод якіх „Раснефць”, „Лукойл”, „Сургутнефцегаз”, „Газпром нефць” і „Татнефць”. Бакі не могуць дамовіцца наконт прэміі да цаны на нафту.