Першы віцэ-прэм’ер: Прадпрыемстваў з заробкам да 400 рублёў быць не павінна
Адна з праблем развіцця эканомікі — наяўнасць арганізацый, супрацоўнікам якіх плацяць „неапраўдана нізкую заработную плату”, заявіў першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын у інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1” 26 мая.
„Што хвалюе ўрад? Тыя кампаніі, якія плацяць людзям неапраўдана нізкую заработную плату. Вось наяўная задача ўрада, усе даручэнні дадзеныя. Мы будзем вельмі жорстка гэта кантраляваць. Першы этап — гэта тыя кампаніі, якія плацяць людзям зарплату менш за 400 рублёў. Мы паставілі для сябе задачу: да 1 ліпеня каб гэтых прадпрыемстваў не было”, — сказаў першы віцэ-прэм’ер.
„У кожнага прадпрыемства ёсць уласнік. Калі вы бачыце, што прадпрыемства не можа працаваць, — прымайце рашэнні кіраўніка: далучайце, прадавайце, ліквідуйце, пры гэтым уладкаваўшы людзей на працу. Але плаціць такую зарплату недазвольна”, — заявіў Турчын.
Паводле яго слоў, міністру па падатках і зборах Сяргею Налівайку даручана па такіх прадпрыемствах „правесці нейкія кантрольныя мерапрыемствы на прадмет таго, ці выплачваецца там зарплата легальна або там палова заробку ідзе ў канвертах”. „Таму мы гэтай праблемай займаемся. А наступны этап — на 1 студзеня 2020 года, гэта прадпрыемствы з заробкам ніжэй за 500 рублёў”, — удакладніў Турчын.
Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў красавіку гэтага года ў параўнанні з сакавіком вырасла на 16,8 рубля (на 1,6%) і склала 1.073,7 рубля. Другі месяц запар пасля падзення ў пачатку года яе памер зноў перавысіў тысячу рублёў. Рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у красавіку ў параўнанні з красавіком 2018 года павялічылася на 10%.
Найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў у рэгіёнах традыцыйна была ў Менску — 1.551,7 рубля, найменшая — у Магілёўскай вобласці (871).
Самую вялікую зарплату па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у красавіку яна склала 4.881,1 рубля. Самая маленькая зарплата была ў цырульнікаў — 555 рублёў. Нізкая зарплата ў творчых і сацыяльных работнікаў — адпаведна 629 і 578,4 рубля, работнікаў бібліятэк, музеяў, архіваў — 576,1 рубля.
Выступаючы 19 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўжо дасягнутыя прыкладна 500 долараў сярэдняй зарплаты ў месяц. „Добра, калі ў нас зарплата будзе калі-небудзь адна тысяча долараў пры тым сацыяльным кошыку, сацыяльнай абароненасці, якая існуе ў краіне. Абсалютна нядрэнна. Але гэта ўжо задача не толькі дзяржавы, не гэтулькі дзяржавы, колькі самога чалавека, працоўных калектываў, прадпрыемстваў”, — падкрэсліў ён.