„Перспектыва” мае намер дамагацца абяцанай сустрэчы з Качанавай
РГА „Перспектыва”, якое аб`ядноўвае індывідуальных прадпрымальнікаў, мае намер дамагацца абяцанай сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай, заявіў БелаПАН старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.
19 ліпеня ён накіраваў ліст на імя Качанавай, у якім нагадвае, што на сустрэчы з ёй у рамках прыёму грамадзян у сакавіку было дамоўлена пра візіт да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта пяці членаў аб`яднання, у тым ліку з рэгіёнаў.
„Пацвярджаем, што летам было запрашэнне нам прыйсці да вас на прыём, як дамаўляліся. Аднак не атрымалася гэтага зрабіць па прычыне таго, што загадзя не было магчымасці апавясціць рэгіёны, каб людзі адкарэктавалі свае планы, — запрашэнне з Адміністрацыі прэзідэнта атрымалі па прынцыпе „сёння на заўтра”, ці ўсяго толькі за адзін дзень да даты сустрэчы. Прыходзіць мне аднаму не мае сэнсу, бо важна пачуць рэгіёны”, — адзначыў у лісце Шумчанка.
Паводле яго слоў, сітуацыя ў рэгіёнах для ІП у рознічным гандлі блізкая да крытычнай. „Упершыню з моманту знаходжання на пасадзе прэзідэнта Лукашэнкі ІП сталі казаць аб карупцыі і „крышаванні” ў вышэйшых эшалонах улады бізнесу пэўных асоб, якія гэта і не хаваюць”, — заявіў кіраўнік арганізацыі.
„Настроі ў дачыненні да ўладаў (асабліва мясцовых) негатыўныя і маюць пастаянны эфект — іншымі словамі, народ не верыць, што яны могуць вырашыць іх праблемы, а часта і не хочуць гэтага рабіць. У такім выпадку падзеі могуць прымаць самыя розныя і непрыемныя формы. Апярэдзіць і папярэдзіць — вось наша асноўная мэта візіту”, — падкрэсліў Шумчанка.
У сувязі з гэтым „Перспектыва” прапаноўвае Качанавай яшчэ раз прызначыць час для абяцанай сустрэчы ў пашыраным фармаце і загадзя. БелаПАН