„Перспектыва” працягвае дамагацца сустрэчы з Лукашэнкам
На сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай 23 студзеня старшыня грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў „Перспектыва” Анатоль Шумчанка перадаў калектыўны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай арганізаваць такую сустрэчу. Зварот падпісалі амаль 7 тысяч ІП з 25 гарадоў Беларусі.
Прадпрымальнікі таксама просяць кіраўніка дзяржавы:
увесці мараторый на падачу поўнага пакета абавязковых па ўказе № 222 дакументаў, „да навядзення парадку ў дакументаабароце ў РФ”;
пазбавіць ІП рознічнага гандлю ад абавязку падаваць дакументы на ўвезеныя да цяперашняга часу тавары з Расеі з выплачаным за іх увазным ПДК;
вылучыць сектар рознічнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва ў асобную сферу рэгулявання з забеспячэннем максімальна спрошчаных умоў вядзення бізнесу.
Як паведаміў Шумчанка, сустрэча з Качанавай доўжылася каля гадзіны, на ёй таксама прысутнічаў яе намеснік Валерый Міцкевіч.
Паводле слоў Шумчанкі, Качанава паабяцала аказаць падтрымку ў наладжванні дыялогу „Перспектывы” з урадам і Саветам па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце. „Наталля Іванаўна сказала, што адрэагуе на нашы цяжкасці пры ўзаемадзеянні з урадам, паспрабуе дапамагчы, каб быў дыялог і быў вынік ад гэтага. Пасля сустрэч на такім узроўні, як правіла, здымаецца пытанне недаступнасці многіх чыноўнікаў”, — падкрэсліў Шумчанка.
На сустрэчы, паводле яго слоў, закраналіся пытанні становішча ІП у сферы гандлю, „катастрафічнага скарачэння іх колькасці і падатковых паступленняў”. Шумчанка праінфармаваў суразмоўцаў аб парушэннях у крамах нізкіх цэн, дзе гандлююць таварамі з Сярэдняй Азіі.
„Абмяркоўвалася і пытанне працы з расейскімі партнёрамі, з-за парушэнняў якіх пакутуюць беларускія прадпрымальнікі. У сувязі з развіццём адносінаў з Расеяй ёсць разуменне, што законы і дамоўленасці павінны выконвацца”, — адзначыў лідар „Перспектывы”.
„У самым пачатку сустрэчы я перадаў словы падтрымкі Лукашэнкі ў частцы яго выказванняў аб неабходнасці абараняць незалежнасць і суверэнітэт краіны і сказаў, што ў гэтым плане дапамога была, ёсць і будзе. У нас могуць быць розныя погляды, але адно нас аб’ядноўвае — тое, што незалежнасць павінна быць”, — дадаў Шумчанка.
Апошні раз Лукашэнка сустракаўся з ІП 17 сакавіка 2015 года ў мінскім ГЦ „Экспабел”. Сустрэча праводзілася ў фармаце нарады, па выніках якой для ІП працягнулі тэрмін рэалізацыі тавараў легпрама без суправаджальных дакументаў. Прадстаўнікоў „Перспектывы”, якая аб’ядноўвае непасрэдна ІП, занятых у рознічным гандлі, на гэту сустрэчу не паклікалі.
Лукашэнка неаднаразова негатыўна выказваўся ў адрас „Перспектывы” і асабіста Шумчанкі. Напрыклад, у лютым 2014 года на нарадзе з прадстаўнікамі бізнес-саюзаў ён назваў кіраўніка „Перспектывы” „палітыкам ад прадпрымальніцтва”. „Ганіце ад сябе усялякіх там Шумчанкаў, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае”, — заявіў афіцыйны лідар.