„Перспектыва” правядзе форум ІП



Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Перспектыва” правядзе чарговы форум прадпрымальнікаў 11 снежня ў менскім культурна-дзелавым цэнтры „Дом Масквы”. Сустрэча будзе прысвечана вынікам года ў асяроддзі малога бізнесу і перспектывам на будучыню.

Чакаецца, што на форуме збяруцца прадстаўнікі малога бізнесу з Менска і ўсіх абласцей краіны, а таксама чыноўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў.

Як паведамляе сайт „Перспектывы”, галоўная задача форуму заключаецца ў тым, каб „паказаць на асноўныя праблемныя кропкі ў малым бізнесе, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння”, а таксама „не даць магчымасці іх развіцця па негатыўным сцэнары для дзяржавы ў цэлым”. На думку чальцоў аб’яднання, эфектыўныя ўмовы для бізнесу ў Беларусі можна стварыць „толькі пры цесным узаемадзеянні уладаў і прадпрымальніцкай супольнасці”.

У „Перспектыве” падкрэслілі, што патрабаванні, выстаўленыя ўдзельнікамі кастрычніцкага форума прадпрымальнікаў, застаюцца актуальнымі да таго часу, пакуль улады не выканаюць іх у поўным аб’ёме.

У прыватнасці, прадпрымальнікі патрабавалі ўкараніць патэнтавую сістэму для ІП, занятых у рознічным гандлі; пазбавіць іх ад абавязку рабіць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за нерабочы перыяд; адмяніць забавязанне, па якім ІП, якія гандлююць у розніцу нехарчовымі таварамі, павінны пацвярджаць адпаведнасць прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.

Яны таксама патрабавалі ўключыць у Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце прадстаўнікоў „Перспектывы”; знізіць штрафы і забараніць канфіскацыю ў ІП тавараў за парушэнне ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці; забараніць усе віды праверак суб’ектаў малога бізнесу на пяць гадоў і навязванне экспертыз якасці тавараў.

Акрамя гэтага, прадпрымальнікі патрабавалі ад уладаў змусіць арэндадаўцаў усіх формаў уласнасці не падвышаць арэндную плату для ІП больш чым на паказчык інфляцыі; не пашыраць пералік тавараў, якія падлягаюць радыёчастотнаму маркіраванню; не распаўсюджваць на ІП патрабаванне па электронным тавараабароце ў рамках будучага ўказа „Аб стварэнні нацыянальнай сістэмы прасочвання”; вырашыць праблему з нядобрасумленнымі гандлярамі з Сярэдняй Азіі.

БелаПАН