„Перспектыва” Белстату: раскрыйце дадзеныя ўкладу ІП у рознічны гандаль!



„Перспектыва” афіцыйна звярнулася да старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іны Мядзведзевай з просьбай аб прадстаўленні дадзеных статыстыкі пра ўклад індывідуальных прадпрымальнікаў у рознічны гандаль, якіх няма ў адкрытым доступе. Ліст апублікаваны на сайце грамадскай арганізацыі.

„Сёння РГА „Перспектыва” прадстаўляе ў асноўным інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў рознічнага гандлю. У адрас „Перспектывы” пастаянна гучаць патрабаванні ад чыноўнікаў, каб мы з лічбамі ў руках даказвалі абгрунтаванасць прыняцця тых ці іншых прапаноў ад нашай арганізацыі”, — адзначаецца ў лісце.

Аднак „пры дэталёвым вывучэнні гэтага пытання” „Перспектыва” сутыкнулася з тым, што „сёння ў статыстычных дадзеных няма вылучанага сектара статыстыкі асноўных лічбавых паказчыкаў канкрэтнай колькасці ІП у рознічным гандлі, іх выручкі ад рэалізаваных тавараў, а таксама сумы плацяжоў у бюджэт, якія паступілі ад іх”. „Таму ўсе нашы дадзеныя абгрунтаванняў будуць насіць некарэктны фармат і, як вынік, не могуць быць прыняты да ўвагі зацікаўленымі ведамствамі”, — лічаць у прадпрымальніцкім аб’яднанні.

„Перспектыва” просіць прадставіць выдзеленыя дадзеныя па ІП у рознічным гандлі за 2010—2017 гады ў дынаміцы: колькасць па абласцях і Менску; колькасць фізічных асоб, якія прыцягваюцца па працоўных і грамадзянска-працоўных дагаворах; выручка ад рэалізацыі тавараў; сума плацяжоў, якія паступілі ў бюджэт, па абласцях і Менску; асноўныя паказчыкі гандлёвай дзейнасці (факт запаўнення гандлёвых месцаў і гандлёвых аб’ектаў, адведзеных індывідуальным прадпрымальнікам пад рознічны гандаль на рынках і ў гандлёвых цэнтрах).

На думку „Перспектывы”, атрыманыя дадзеныя дазволяць аб’яднанню і органам улады „лепш зразумець спецыфіку праблем ІП, занятых у рознічным гандлі, і зняць многія пытанні ў працы прадстаўнікоў гэтага віду бізнесу ў краіне”.

БелаПАН