„Перспектыва” просіць сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта
РГА „Перспектыва”, якое аб’ядноўвае індывідуальных прадпрымальнікаў, накіравала на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай ліст, у якім просіць прызначыць час сустрэчы з кіраўніцтвам арганізацыі.
Ліст накіраваны 11 снежня. Тэкст размешчаны на сайце арганізацыі.
Кіраўнік „Перспектывы” Анатоль Шумчанка просіць аб сустрэчы, „каб наўпрост і без пасрэднікаў інфармаваць пра бягучы стан спраў у галіне індывідуальнага прадпрымальніцтва”, а таксама перадаць сабраныя подпісы ў падтрымку арганізацыі сустрэчы прадпрымальнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам.
„Прадпрымальнікі краіны ўважліва будуць сачыць за адказам і рашэннем аб нашай просьбе, таму што лічаць вельмі важным праяву вашай асабістай увагі па гэтым пытанні”, — падкрэсліваецца ў лісце.
10 снежня ў Менску прайшоў ужо трэці ў гэтым годзе форум прадпрымальнікаў, арганізаваны „Перспектывай”. На ім Шумчанка заявіў, што занятыя ў рознічным гандлі таварамі лёгкай прамысловасці ІП маюць намер дамагацца у 2019 годзе сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Паводле слоў лідара аб’яднання, „Перспектыва” сабрала больш за 6,6 тысячы подпісаў прадпрымальнікаў з 24 гарадоў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пра сустрэчу, падчас якой плануецца абмеркаваць спрашчэнне ўмоў працы ІП. Прапанаваны фармат сустрэчы — вялікі форум прадпрымальнікаў з удзелам кіраўніка дзяржавы.
„Сустрэча прэзідэнта і індывідуальных прадпрымальнікаў наспела і патрэбная абодвум бакам. Іншага дзейснага рашэння сёння не існуе. У ІП ёсць шмат чаго расказаць наўпрост і пра мясцовую ўладу, і пра працу міністэрстваў і ведамстваў, і пра адносіны з Расеяй. Напярэдадні важных палітычных кампаній у краіне для прэзідэнта гэта будзе вельмі актуальным крокам, а для ІП добрай магчымасцю вырашэння асноўных праблем”, — лічыць Шумчанка.