„Перспектыва” – за прывязку арэнднай платы да нацыянальнай валюты



Аб’яднанне прадпрымальнікаў „Перспектыва” прапануе ўсталяваць стаўкі арэнднай платы за квадратны метр у беларускіх рублях і тым самым адмяніць прывязку арэнднай платы да замежнай валюты.

Пра гэта гаворыцца ў лісце прадпрымальніцкага аб’яднання на імя Аляксандра Лукашэнкі, накіраваным у Адміністрацыю прэзідэнта.

Лідар „Перспектывы” Анатоль Шумчанка адзначае, што прадпрымальнікі пасля дэвальвацыі рубля разам з усёй краінай зацягнулі паясы і перажываюць няпросты перыяд:

– Мы сёння ўсё часцей чуем трэнд аб тым, каб укаранялі давер да нацыянальнай валюты. Таму дзяржава павінна асобным указам або законам прапісаць, каб усе гэтыя моманты былі прывязаныя да нацыянальнай валюты. Аргумент арэндатаўцаў, якія тлумачаць, чаму яны лічаць у еўра, такі, маўляў, многія з іх бралі крэдыты ў валюце. Мне задаецца, што гэта не з’яўляецца сур’ёзным аргументам. Мы жывем у нашай краіне, цэны ў нас у беларускіх рублях, і стаўка за квадратны метр таксама павінна быць прывязана да беларускага рубля.

Па інфармацыі „Перспектывы”, па ўсёй краіне прадпрымальнікі спрабуюць вырашыць пытанне з арэндай, але ў большасці выпадкаў беспаспяхова.

„Самы папулярны адказ арэндадаўцаў: не падабаецца – ідзіце, ніхто вас не трымае. Толькі ці будуць яны ўтрымліваць сем’і збяднелых прадпрымальнікаў, пытанне рытарычнае. А вось тое, што ўся гэтая беспрацоўная армія прадпрымальнікаў прыйдзе да ўладаў з патрабаваннем забеспячэння годнай працы і зарплаты, – гэта факт!” – адзначаецца ў звароце „Перспектывы”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя