„Перспектыва” заклікае Лукашэнку да адкрытай гутаркі
РГА „Перспектыва” чарговы раз заклікае Аляксандра Лукашэнку да адкрытай гутаркі з прадпрымальнікамі і ўдзелу ў форуме арганізацыі. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі форуму „Праблема 2020 для прадпрымальніцтва”, які прайшоў 16 верасня ў Менску.
„Мы запрашаем прэзідэнта на вялікі зімовы форум прадпрымальнікаў. З улікам таго, што цяпер ідзе электаральная падзея, шанцы яго ўдзелу павялічваюцца. Усё залежыць і ад таго, як мы будзем працаваць, што патрабаваць, шанцы таксама павялічваюцца”, — лічыць кіраўнік РГА „Перспектыва „Анатоль Шумчанка.
Тэмай сённяшняга форуму сталі праблемы, з якімі сутыкнуцца прадпрымальнікі ў найбліжэйшы час. Яны звязаныя з уваходжаннем у сілу ў ЕАЭС абавязку продажу маркіраванага абутку і ўвядзеннем электроннай сістэмы прасочвання. Шумчанка падкрэсліў, што дагавор аб гэтым у рамках ЕАЭС ужо падпісаны, у Расіі ён дзейнічае з ліпеня гэтага года, у астатніх краінах рашэнне павінна быць прынятае да 1 сакавіка 2020 года. У Беларусі, паводле яго інфармацыі, ужо рыхтуецца ўказ прэзідэнта.
Нягледзячы на тое што ў Расеі сістэма маркіроўкі абутку павінна ўжо працаваць, беларускія прадпрымальнікі сутыкаюцца з тым, што пры закупках на рынках Масквы і іншых гарадоў яны не бачаць маркіроўкі абутку. Шумчанка на прапанову беларускага ўрада выяўляць і называць такія факты заклікаў гэта зрабіць прадпрымальнікам з мэтай доказу, што сістэма не дзейнічае і стане праблемай і для Беларусі.
У рэзалюцыі „Перспектыве” даручана збіраць, апрацоўваць і перадаваць у дзяржорганы інфармацыю пра факты продажу немаркіраваных тавараў на тэрыторыі Расіі. „Гэта вялікая праца, але нам яе трэба рабіць і мы будзем яе рабіць. Мы спадзяемся, што да гэтага далучацца і дзяржорганы — МПЗ, МУС, Дзяржаўны мытны камітэт. Гэта і іх задача. Я павінен сказаць, што нашы чыноўнікі выязджаюць у Расію, яны ўсё бачаць. Калі яны вяртаюцца ў Беларусь, яны ў жаху, таму што разумеюць, што няма гатоўнасці да глабальных падзей у выглядзе маркіроўкі, ідэнтыфікацыі. І ў размове з намі яны падкрэсліваюць, што 80% ІП не змогуць працаваць. Гэта кажуць чыноўнікі вельмі высокага ўзроўню. У іх разуменне ёсць, а мы павінны зрабіць так, каб гэта разуменне было больш дзейсным, мы павінны ўзмацніць нашу нацыянальную пазіцыю”, — падкрэсліў Шумчанка.
„Перспектыва” падрыхтуе праект звароту да прэзідэнта з абгрунтаваннем неабходнасці выйсці з дамовы ў рамках ЕАЭС аб маркіроўцы абутку альбо прыпыніць удзел Беларусі ў ёй. Форум прыняў рашэнне вынесці гэты праект на грамадскае абмеркаванне сярод прадпрымальнікаў, зацвердзіць саветам арганізацыі і правесці збор подпісаў па ўсёй краіне. „Мы будзем паслядоўныя — сабралі форум і расказалі, што не можам працаваць, потым павінны сабраць факты, што дзяржавы не гатовыя. Потым мы павінны стварыць зварот і напісаць, чаму гэта так і чаму гэта праблема. Мы яго вывесім на сайце „Перспектывы”, размесцім у сацыяльных сетках. І кожны зможа ўнесці сваю лепту і свае прапановы. Потым мы яго перададзім высокім асобам дзяржавы”, — сказаў кіраўнік аб’яднання.
Паводле яго слоў, „Перспектыва” таксама звернецца да прадпрымальніцкіх структур Беларусі і Расеі з мэтай падтрымкі ініцыятывы аб прыпыненні альбо адмене маркіроўкі абутку і іншай прадукцыі легпрама, паколькі гэта не толькі праблема прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, але і сярэдняга і малога бізнесу, „які можа на выдатках страціць сотні тысяч і мільёны долараў”.
„Перш чым падпісваць рознага роду дамовы міждзяржаўнага характару, трэба слухаць народ і пытацца ў яго. Мы ўсімі сіламі будзем праводзіць дыялог і шукаць падтрымкі ўсюды. Але калі „Перспектыву” ўжо не пачуюць, будзе гаварыць сам народ”, — падсумаваў Шумчанка.