„Перспектыва” заклікае ўрад прыняць тэрміновыя меры для падтрымкі ІП
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Перспектыва” заклікала ўрад увесці тэрміновыя меры падтрымкі індывідуальных прадпрымальнікаў на фоне негатыўнага ўплыву на эканоміку пандэміі каранавіруса, зніжэння пакупніцкай актыўнасці і закрыцця межаў суседніх дзяржаў, што перашкаджае пастаўкам і продажу тавараў.
Адпаведны зварот 19 сакавіка накіраваў у Савет міністраў старшыня аб’яднання Анатоль Шумчанка. Тэкст звароту апублікаваны на сайце арганізацыі.
У „Перспектыве” лічаць, што ўраду варта „неадкладна адрэагаваць і ініцыяваць унясенне змяненняў і дапаўненняў ў заканадаўства”, якія б забяспечылі „падтрымку ІП раздробнага гандлю і паслуг ва ўмовах істотнага скарачэння даходаў”.
Аб’яднанне, у прыватнасці, прапануе абвясціць для малога бізнесу „падатковыя канікулы” — з 1 красавіка вызваліць ІП на 90 дзён ад „падаткаў, збораў і ўзносаў, якiя збіраюцца рэгулярна ў справаздачных перыядах, незалежна ад узроўню даходаў”. Акрамя таго, прапануецца на гэты ж перыяд аб’явіць мараторый на любыя праверкі ІП у сферы раздробнага гандлю і паслуг.
„Перспектыва” прапануе адкрыць на імя кожнага ІП гэтай катэгорыі, які папрасіў аб дапамозе, банкаўскі рахунак і пералічыць на яго 3.000 рублёў у выглядзе бязвыплатнай дзяржпадтрымкі і 9.000 рублёў — у выглядзе беспрацэнтнага крэдыту на пяць гадоў. „Гэтыя лічбы абумоўленыя тым, што, паводле ацэнак розных інстытутаў эканомікі, стварэнне аднаго працоўнага месца каштуе прыблізна 4-4,5 тыс. долараў, таму сёння важна захаваць працоўныя месцы і патэнцыял людзей бізнесу”, — тлумачыцца ў звароце.
Акрамя гэтага, прапануецца знізіць на 90 дзён арэндную плату на 60 і больш працэнтаў, а таксама адвязаць арэндную стаўку ад замежнай валюты, прывязаўшы яе да беларускага рубля.
Раней з заклікам выпрацаваць комплекс мер па падтрымцы эканомікі ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса да ўладаў звярнулася Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. РКП прапанавала кіраўніцтву краіны звярнуцца да Сусветнага банка па крэдыт на 10—15 млрд долараў для субсідавання эканомікі ў перыяд пандэміі.
belapan.by