„Перспектыва” звернецца да Лукашэнкі?
РГА „Перспектыва”, якое прадстаўляе інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў, мае намер звярнуцца з лістом да Аляксандра Лукашэнкі, каб „паказаць сапраўдную карціну ў сферы прадпрымальніцтва і правалу прынятых законаў адносна яго”. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка, каментуючы пасяджэнне рабочай групы па пытаннях дзейнасці ІП пры грамадска-кансультатыўным савеце, дзейным пры Мінэканомікі, якое адбылося 16 жніўня.
На сустрэчы разгледжаныя прапановы прадпрымальнікаў у межах карэкціроўкі Падатковага кодэкса. Як паведамлялася, у канцы ліпеня ў міжведамасную групу па карэкціроўцы Падатковага кодэкса паступіла дзве прапановы. Кіраўнік віцебскага Базавага цэнтра па падтрымцы прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч выступіла з ініцыятывай усталяваць асобы парадак выплаты адзінага падатку і ПДК пры ўвозе тавараў з тэрыторыі іншых дзяржаў — членаў ЕАЭС. Падатак прапануецца ў фіксаванай суме з наступнай даплатай пры дасягненні пэўнага памеру выручкі. На думку Яскевіч, можна ўвесці падаткаабкладанне па формуле: стаўка адзінага падатку плюс фіксаваны ПДК у выпадку месячнай выручкі да 4 тыс. рублёў. Пасля гэтай мяжы — усталяваць даплату 7% перавышэння аб’ёму выручкі. Другая прапанова, аўтарства якой не называлася, заключаецца ў тым, каб усталяваць для ІП, якія з’яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку, авансавы плацеж адзінага падатку і ПДК у памеры 200 рублёў з наступнай выплатай астатняй часткі падатку ў залежнасці ад аб’ёму выручкі.
У Мінэканомікі абмяркоўвалі праблемы ІП пры атрыманні ад расейскіх прадаўцоў касавых чэкаў, дзеяння кантралюючых органаў пры праверках, сітуацыю ў сферы рознічнага гандлю нехарчовымі таварамі з Сярэдняй Азіі ў крамах „нізкіх цэн”.
Гаворка таксама ішла аб праекце ўказа прэзідэнта, які прадугледжвае змяненне парадку выплаты ўзносаў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў ФСАН з улікам прынцыпу „не працуеш — не плаціш”.
Членам групы паведамілі, што праект указа аб прынцыпе перададзены ва ўрад і павінен набыць моц ужо з 2019 года.
Паводле слоў Шумчанкі, на сустрэчы таксама было заяўлена, што у 2019 годзе праверкі ІП з боку Дзяржстандарта працягнуцца. „Улады па-ранейшаму не хочуць дапускаць думкі аб адмене дакументаў і ўвядзенні патэнта як віду падаткаабкладання, а таксама аб зняцці адказнасці за накладныя”, — падкрэсліў ён.
„Што да змен у Падатковы кодэкс, чыноўнікі заявілі, што бізнес іх ужо ўхваліў і з імі можна азнаёміцца ў інтэрнэце. Калі задалі пытанне, чаму для ІП няма нічога істотнага — адказу не было”, — заявіў кіраўнік „Перспектывы”.