«Перспектыве» адмовілі ў памяшканні для правядзення форуму ІП



Рэспубліканскаму грамадскаму абʼяднанню «Перспектыва» адмоўлена ў памяшканні для правядзення чарговага форума прадпрымальнікаў 25-га студзеня. Пра гэта паведаміў старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.

16-га студзеня «Перспектыва» заключыла дамову з галоўным гаспадарчым кіраваннем Кіраўніцтва справамі прэзідэнта аб арэндзе залі Міністэрства эканомікі ў Менску. У той жа дзень арэнда была аплачана. Аднак сёння Шумчанку патэлефанавалі з упраўлення і паведамілі, што ў арэндзе залі адмоўлена.

Гэта патлумачылі тым, што з 25-га студзеня ў памяшканні плануецца правядзенне калегіі міністэрстваў «з удзелам першых асоб». Зала, у якой планавалася правесці чарговы прадпрымальніцкі форум, разлічана на 438 месцаў. Традыцыйна свае мерапрыемствы ў апошнія гады «Перспектыва» праводзіла ў актавай зале гасцініцы «Беларусь», але на папярэднюю сустрэчу 11-га студзеня, паводле ацэнак арганізатараў, сабралася каля паўтары тысячы прадстаўнікоў малога бізнесу.

Паводле БелаПАН