Петрышэнка пра пазіцыю Беларусі адносна тарыфаў на транзіт газу ў ЕАЭС



Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў інтэрв’ю газеце „Звязда” растлумачыў пазіцыю Беларусі па ўстанаўленні тарыфаў на транзіт газу ў ЕАЭС пры фарміраванні агульнага рынку газу саюза.

Беларусь выступае за прымяненне адзіных падыходаў пры фарміраванні тарыфаў на транспарціроўку газу для суб’ектаў агульнага рынку газу ЕАЭС і суб’ектаў унутраных газавых рынкаў дзяржаў – членаў ЕАЭС. Гэты прынцып з’яўляецца істотным і павінен быць зафіксаваны бакамі ў фарміруемых праектах дакументаў, лічыць Ігар Петрышэнка.

З улікам таго, што газаздабыўныя дзяржавы разглядаюць пастаўку газу на агульны рынак газу саюза як экспартную, за кошт якой цяпер ажыццяўляецца датацыя ўнутрыдзяржаўнай транспарціроўкі газу, у Беларусі ёсць аб’ектыўныя апасенні наконт захавання газаздабыўнымі дзяржавамі названага механізма датацыі і на агульным рынку газу ЕАЭС.

„Расейскія партнёры спрабуюць пераканаць, што ўсе апасенні беларускага боку беспадстаўныя, паколькі агучаныя асноватворныя прынцыпы не дадуць магчымасці ў будучым абмяжоўваць (дыскрымінаваць) правы любога з удзельнікаў агульнага рынку газу. Аднак фактычная сітуацыя ў гэтым пытанні сведчыць аб адваротным”, – канстатаваў віцэ-прэм’ер.

„Беларускі бок аб’ектыўна лічыць, што распаўсюджванне прынцыпаў прадастаўлення беларускім арганізацыям нацыянальнага рэжыму доступу (г. зн. „як для сябе”) да паслуг расейскіх натуральных манаполій, у тым ліку адносна тарыфаў на такія паслугі, будзе ўспрымацца як пацвярджэнне прыхільнасці да прынцыпаў пабудовы раўнапраўнага Еўразійскага эканамічнага саюза”, – дадаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці здыме стварэнне агульнага рынку нафты, нафтапрадуктаў і газу ўсе спрэчныя пытанні паміж Расеяй і Беларуссю ў гэтай сферы, Ігар Петрышэнка сказаў: „Так, мы спадзяёмся на гэта, інакш уся работа і затрачаныя намаганні для паўнацэннага функцыянавання ЕАЭС будуць дарэмнымі”.

belta.by