Пінск будзе мець эканамічны брэнд



За яго распрацоўку ўзяліся ў бізнэс-школе, якая дзейнічае пры Палескім дзяржаўным універсітэце. Мясцовыя ўлады чакаюць, што брэнд стане сапраўднай іміджавай візітоўкай, якая адлюструе інвестыцыйнае развіццё і паспрыяе павышэнню турыстычнай прывабнасці.

Ініцыятыва выклікала дыскусію сярод пінчан у сацыяльных сетках ды на гарадскіх інтэрнэт-форумах.

Некаторыя гараджане не бачаць у гэтым сэнсу і мяркуюць, што ўлады павінны даць магчымасць выказацца на гэтую тэму прадстаўнікам грамадскасці.

Ну думку актывіста, кіраўніка Турыстычна-візавага агенцтва Вадзіма Макеева, Пінск і так мае шмат брэндаў, якія трэба раскручваць:

 – Вялікія сумнівы ёсць адносна мэтазгоднасці гэтага брэнда – для чаго ён будзе выкарыстоўцца – у якіх праектах, у якіх галінах? Калі кожнае прадпрыемства мае свой лагатып. Ёсць культурны лагатып. Навошта вынаходзіць нейкі эканамічны лагатып дадаткова да гэтага ўсяго? Ёсць, канечне, у нас адмыслоўцы ў дзяржаўных установах, якія маглі бы распрацаваць некалькі варыянтаў, іх бы змясцілі на сайце выканкаму, а народ бы галасаваў.

Акрамя эканамічнага брэнда, мясцовыя ўлады чакаюць, што ўдзельнікі бізнэс-школы прапануюць цікавыя і новыя эканамічныя, культурныя ды сацыяльныя ідэі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя