Пінскі Цэнт занятасці захаваў праграму прафесійнага навучання
На працоўным рынку Берасцейшчыны, сёлета рэйтынг ТОП-5 запатрабаваных прафесій выглядае наступным чынам: аўтакіроўцы, будаўнікі, гандляры, медыкі (ад лекараў да санітараў) ды кухары, – паведамляе абласны Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Па словах супрацоўніка пінскага Цэнтра занятасці Аляксандра Шмата, галоўнае, што ва ўмовах пандэміі не згарнулі праграму па перавучванню беспрацоўных грамадзян:
– Цэнтр занятасці насельніцтва праводзіць работу з беспрацоўнымі грамадзянамі, якая накіравана: на падбор працы, то-бок гэта і накіраванне ў арганізацыі грамадзян, якія стаяць у нас на ўліку, таксама правядзенне іх прафесійнай арыентацыі, акрамя таго для шэрагу грамадзян прадугледжана правядзенне прафесійнага навучання па некалькіх прафесіях, якія найбольш запатрабаваныя. Зразумела за кошт нашай установы.
Па афіцыйнай інфармацыі, каронавірус не паўплываў на прырост беспрацоўных на Берасцейшчыне. На ўліку знаходзіцца 1,5 тысячы беспрацоўных, амаль аналагічная сітуацыя была і летась.
Беларускае Радыё Рацыя