Плануецца да 2035 года выпускаць не менш як 40% напіткаў у шкляной тары



Урад прапануе да 2035 года выпускаць не менш 40 працэнтаў напіткаў у шкляной тары. Адпаведны праект пастановы Саўміна абмяркоўваўся сёння ў час круглага стала Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.

Праектам пастановы Савета Міністраў прадугледжана, што да 2035 года ў півабезалкагольнай галіне не менш як 40 працэнтаў бутэляванай прадукцыі будзе выпускацца ў шкляной тары. Бізнес лічыць гэтыя тэрміны і параметры рэальнымі і выканальнымі.

Дзелавая супольнасць таксама падтрымлівае заканадаўчую ініцыятыву па стварэнні сістэмы, якая дае магчымасць павысіць збор і ўпакоўку тары, што былі ва ўжытку. Аднак узнікаюць сумненні, наколькі прапанаваны дзяржорганамі праект дэпазітнай сістэмы абарачэння з’яўляецца эфектыўным для Беларусі. Каб адпрацаваць дэпазітную сістэму, бізнес лічыць мэтазгодным спачатку рэалізаваць пілотны праект па яе ўкараненні ў адным або некалькіх раёнах.

Акрамя таго, на круглым стале абмяркоўваўся праект пастановы Саўміна, у якім прапануецца ў 2 разы павысіць памер платы, якую ўносяць вытворцы і пастаўшчыкі ўпакоўкі за арганізацыю збору, абясшкоджвання або выкарыстання адходаў упакоўкі. Старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец адзначыў, што, на думку бізнесу, гэты крок не прапрацаваны. Ён нагадаў, што да 1 ліпеня Мінфіну, МПЗ і іншым зацікаўленым неабходна правесці інвентарызацыю непадатковых плацяжоў, маючых прыкметы падатку або збору, якія дазваляюць вызначыць рэальную фінансавую нагрузку на бізнес. Па выніках гэтай работы ў Саўмін трэба ўнесці прапановы аб мэтазгоднасці іх трансфармацыі ў падатковыя плацяжы.

belta.by