Платных дарог у Беларусі будзе больш



У Беларусі плануецца пашырыць сетку платных дарог.

Пастановай Савета Міністраў № 699 ад 18 верасня зацверджана дзяржпраграма па развіцці і змесце аўтамабільных дарог у Беларусі на 2017-2020 гады.

 „У працэсе рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ў краіне плануецца пашырыць сетку платных аўтамабільных дарог. Будзе ўведзена плата за праезд транспартных сродкаў на ўсім працягу дарогі М6 / Е28 Менск — Гародня — мяжа Польшчы (Брузгі) пасля яе рэканструкцыі і на ўчастку дарогі Р28 Менск — Маладэчна — Нарач. Да 2021 году працягласць платных дарог складзе 1 786 км”, — адзначылі ў прэс-службе.

За 2017-2020 гады ў рэспубліканскі бюджэт ад збірання платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах мяркуецца паступленне каля 817 млн рублёў, якія будуць накіраваныя на ўтрыманне, рамонт і развіццё рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, у першую чаргу — платных.

Адзначым таксама, што Указам №307 ад 29 жніўня «Аб фінансаванні будаўніцтва дарог і Менскага метрапалітэна” кіраўніка Беларусі рэшткі сродкаў мясцовых інавацыйных фондаў накіруюць на будаўніцтва дарог і Мінскага метрапалітэна.

Банку развіцця прапанавана выдаць у 2018-2020 гадах крэдыты ўладальнікам мясцовых аўтадарог на фінансаванне іх будаўніцтва, рэканструкцыі, капітальнага і бягучага рамонту ў доларах ЗША, еўра і беларускіх рублях на агульную суму, якая не перавышае 150 млн долараў у эквіваленце. Пагашаць іх будуць на працягу 2021 – 2027 гадоў за кошт субвенцый, што перадаюцца з рэспубліканскага дарожнага фонду ў кансалідаваныя бюджэты абласцей.

Паводле БЕЛТА