Плённы візіт беларускай дэлегацыі ў Бразілію



Кантракты больш як на 40 млн даляраў ЗША заключаныя падчас візіту ў Бразілію беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Анатолем Калініным, што адбыўся 27—30 лістапада.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, падчас візіту віцэ-прэм’ер абмеркаваў з міністрам замежных спраў Бразіліі Алаізіу Нуньесам Ферэйрам напрамкі далейшай супрацы ў рамках міжнародных арганізацый з мэтай збліжэння пазіцый дзвюх дзяржаў па ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі.

Калінін таксама сустрэўся з міністрам гарнаруднай прамысловасці і энергетыкі Бразіліі Фернанду Каэлья Філью, кіраўніком адміністрацыі ўрада федэральнай акругі Сержыу Сампаю і кіраўніцтвам Міністэрства прамысловасці, знешняга гандлю і паслуг Бразіліі. Абмеркаваныя пытанні двухбаковай супрацы ў прамысловай і гандлёва-эканамічнай сферах, турыстычнай галіне, разгледжаныя магчымасці павелічэння гандлёвага абароту паміж Беларуссю і Бразіліяй.

Віцэ-прэм’ер наведаў аграіндустрыйны раён горада Анапаліс штата Гояс, на адной з пляцовак якога запланаванае размяшчэнне зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў, а таксама сухі порт Цэнтр — Захад „Анапаліс” — найбуйнейшы лагістычны хаб штата.

Падчас паездкі ў горад Гаянія прайшлі перамовы Калініна з міністрам эканамічнага развіцця штата Гаяс Франсіскам Понтэсам і прэзідэнтам Федэрацыі галін прамысловасці штата Педру Алвесды Алівейрам. Бакі абмеркавалі пытанні супрацы паміж Беларуссю і бразільскім штатам у сферы сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, адукацыі і культуры, навукі і тэхнікі, турызму і спорту. Паводле вынікаў сустрэчы падпісаны мемарандум пра намеры аб стварэнні зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў у штаце Гояс.

Акрамя таго, з удзелам намесніка прэм’ер-міністра прайшоў бізнес-форум „Бразілія — Беларусь”. У яго межах адбыліся прэзентацыі эканамічнага патэнцыялу Беларусі і беларускіх прадпрыемстваў, перамовы з прадстаўнікамі дзелавых колаў штата Сан-Паўлу і іншых штатаў. З удзелам дзелавой часткі беларускай дэлегацыі і бразільскіх бізнес-колаў праведзеная кантактна-кааперацыйная біржа.

Паводле вынікаў візіту падпісаны шэраг дакументаў, сярод якіх выніковы пратакол першага пасяджэння беларуска-бразільскай сумеснай камісіі па эканамічнай супрацы, мемарандум аб намерах паміж ААТ „Мінскі трактарны завод”, Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Сакратарыятам па эканамічным развіцці штата Гояс па стварэнні зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў у штаце, мемарандум аб супрацы паміж БелГПП і ГПП „Беларусь — Бразілія”.

БелаПАН