Плюсы і мінусы адкрыцця бізнесу па франшызе абмеркавалі ў Берасці
Плюсы і мінусы адкрыцця бізнесу па франшызе абмеркавалі ў Берасці. Адмысловы трэнінг у межах Стартап-школы зладзілі прадстаўнікі Мясцовага фонду рэгіянальнага развіцця. Наведвальнікі сустрэчы размаўлялі пра тое, з чаго варта пачынаць свой бізнес, уздымалі юрыдычныя пытанні і спосабы прыцягнення кліентаў. Распавядае каардынатар берасцейскай школы Аляксандра Сотнік:
— Берасцейскія эксперты. Яны маюць дастатковыя досвед і экспертызу, не меншыя за менскіх ці нейкіх іншых. Яны могуць пра гэта распавесці і ім ёсць што распавесці. Экспертам на апошніх занятках была Іна Міранюк — дырэктарка мужчынскай цырульні. Тэмай заняткаў быў франчайзінг. І занятак выйшаў пэўным сумяшчэннем досведу, уменняў, ведаў менавіта ў пакупцы франшызы, і розных бакоў бізнесу па франшызе з ейным асабістым досведам у якасці прадпрымальніка.
Заняткі ў Стартап-школе ў Берасці ладзяцца раз на месяц. Атрымаць інфармацыю пра наступны трэнінг можна на сайце Мясцовага фонду рэгіянальнага развіцця або праз сацыяльныя сеткі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце