Полацк працягвае паляпшаць сваю экалагічную сітуацыю



Полацк працягвае паляпшаць сваю экалагічную сітуацыю. Сёлета ў горадзе завершылася мадэрнізацыя вонкавага асвятлення цэнтральных вуліц. Праект быў выкананы пры фінансавай падтрымцы Еўразвяза. Гэта дапамагло паменшыць энергазатраты горада на вулічнае асвятленне прыкладна на 15% і знізіць выкіды СО2 амаль на 800 тон. На сустрэчы з грамадскімі актывістамі Полаччыны амбасадар Еўразвяза ў Беларусі Дзірк Шубель паведаміў, што Еўразвяз гатовы працягнуць супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Полацка.

Кажа кіраўніца наваполацкага інфармацыйна-культурнага цэнтра «ІніцыАрт» Вольга Дамаскіна:

– Яго пасыл быў такі, што ён хоча як мага больш прыўнесці Еўропы ў Беларусь.І, канешне, каб больш Беларусі было ў Еўропе, але гэта ўжо залежыць не ад яго. Ён кажа, што гэта залежыць ад уладаў, якія яны будуць падаваць праекты і як яны будуць жадаць супрацоўнічаць.

У іх ёсць жаданне працаваць тут і рабіць так, каб нам тут было добра.

Цяпер разам з некалькімі беларускімі гарадамі Полацк рэалізуе праект «Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі». Ён фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН. Адна з галоўных кампанентаў праекта – рэалізацыя ініцыятываў па ўстойлівым гарадскім транспарце ў Полацку і Наваполацку. Што таксама істотна палепшыць экалогію рэгіёна.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя