Польшча аднавіла транзіт украінскага збожжа
Польшча аднавіла транзіт украінскага збожжа ды іншай сельгаспрадукцыі. Імпарт у краіну застаецца забароненым.
У адпаведнасці з новым распараджэннем украінская прадукцыя будзе перавозіцца ў суправаджэнні польскіх служб, а на грузавікі будуць устанаўліваць навігацыйныя пломбы. Грузы будуць суправаджвацца да польскіх партоў або да сухапутных пераходаў з іншымі краінамі Еўразвязу. Першы такі канвой выехаў сёння, 21 красавіка. Пяць грузавікоў з украінскай кукурузай, мясам і яйкамі накіроўваецца ў Нідэрланды. Іх суправаджаюць дзве машыны мытнай службы.
Раней, істотная частка ўкраінскага збожжа ды іншай прадукцыі, якая нібыта ішла транзітам, асядала на тэрыторыі Польшчы. Гэта выклікала пратэсты польскіх фермераў, прадукцыя якіх аказалася незапатрабаванай.