Польшча – галоўны інвестар у эканоміку Гародні
Польшча цягам апошніх чатырох гадоў з’яўляецца галоўным інвестарам у эканоміку Гародні. За гэты час бізнэсоўцы з суседняй краіны ўклалі больш за 150 мільёнаў даляраў – галоўным чынам у развіццё прамысловай вытворчасці і сферы паслугаў. Польшчы належыць 52% інвестыцый ад агульнага аб’ёма, у той час, як Расеі – толькі 12%, а Літве – каля 9%. На думку старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, для інвестараў варта ствараць спрыяльныя ўмовы дзейнасці ў прыпамежным горадзе:
– Асноўнае пытанне пра стварэнне ўмоваў, трэба паслухаць менеджэраў розных кампаній – што яны пра гэта думаюць. Бо ў нас ёсць прадпрыемствы, якія маюць сучасныя тэхналогіі, асабліва гэта бачна па нашым прыватным сектары. Яны адчуваюць рынак, адчуваюць новае ў тэхналогіях, і хутка схопліваюць, выкарыстоўваюць і развіваюцца.
З 2011 па 2014 год у эканоміку Гародні прыцягнута інвестыцый на суму больш за 330 мільёнаў даляраў. У горадзе над Нёманам працуе больш за 240 прадпрыемстваў і арганізацый з замежным капіталам.
Беларускае Радыё Рацыя