Польшча губляе беларускіх пакупнікоў



У студзені ў Падляшскім ваяводстве беларусы выдаткавалі грошай менш, чым год таму. Калі летась за 40 дзён з пачатку года аформілі вываз тавараў на 84,5 мільёны злотых, то сёлета на 70 мільёнаў – паведамляе Мытная палата ў Беластоку. Эксперты кажуць, што галоўная прычына такой сітуацыі палягае ў дэвальвацыі, якая зрабіла набыццё часткі тавараў у Польшчы проста эканамічна нявыгадным. Скардзяцца і прадаўцы на беластоцкім Кавалерыйскім рынку:

Продаж штораз горшы. Колькасць беларускіх пакупнікоў таксама памяншаецца. Не ведаю, з чым канкрэтна гэта звязана, але вынікі нядобрыя.

–  Не ведаю, чаму так. Магчыма, час канікулаў. Але людзей мала.

–  Цяпер менш прыязджае людзей.

–  Няма людзей – няма продажу. Менш прыязджае на рынак турыстаў – нам горш. Каб вас было больш, то і нам было б добра.

Прыгадаем, што летась беларусы вывезлі праз польска-беларускую мяжу на памежных пераходах у Падляшскім ваяводстве тавараў на суму звыш аднаго мільярда злотых. Падрабязнасці на гэтую тэму пачуем у праграме “Рэгіянальны кур’ер: ад Гародні – да Берасця” сёння, 13 лютага, у 22.05 паводле беларускага, ды ў 20.05 – паводле польскага часу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота abw.by