Польшча і Балгарыя атрымліваюць газ ад суседзяў па ЕЗ – кіраўнік ЕК



Польшча і Балгарыя атрымліваюць газ ад сваіх суседзяў па ЕЗ, заявіла кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Нагадаем, з 27 красавіка «Газпрам» спыніў пастаўкі газу ў Польшчу і Балгарыю, бо яны не аплацілі пастаўкі ў расейскіх рублях, паведамляе reform.by.

Фота: twitter.com/vonderleyen

Чыноўніца назвала гэта «чарговай правакацыяй з боку Крамля» і абвінаваціла Маскву ў выкарыстанні газу для «шантажу» блока.

Кіраўнік Еўракамісіі адзначыла неабходнасць надзейных энергетычных партнёраў, паабяцаўшы канец эры расейскага выкапнёвага паліва ў Еўропе, абавязалася забяспечыць план на сярэднетэрміновую перспектыву для дастатковых паставак і захоўвання газу і выказала надзею на інвестыцыі ў „зялёны пераход”.

«У больш доўгатэрміновай перспектыве REPowerEU [план па замене расейскага газу] таксама дапаможа нам перайсці да больш надзейнага, бяспечнага і ўстойлівага энергазабеспячэння. Мы прадставім нашы планы па паскарэнні „зялёнага пераходу” ў сярэдзіне траўня. Кожны еўра, які мы інвестуем у аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць, – гэта першы ўнёсак у нашу будучую энергетычную незалежнасць», – заявіла яна.