Польшча не будзе купляць газ у Расеі



У нядзелю, 17 траўня, мінае дамова на транзіт расейскага газу праз Польшчу. Працягваць яе Варшава адмовілася і тым самым разарвала супрацоўніцтва, піша Reuters.

Цяпер „Газпрому” давядзецца браніраваць на аўкцыёнах кароткатэрміновыя транзітныя магутнасці ў польскага аператара Gaz-System.

Прапампоўка праз газаправод „Ямал-Еўропа”, які цераз Польшчу ідзе ў Нямеччыну, складае 33 мільярды кубаметраў у год. Дамова, якая скончылася, была складзена ў 1990-я гады.

Напружанасць у адносінах паміж Масквой і Варшавай з-за імпарту газу з’яўляецца часткай больш шырокай палітычнай напружанасці паміж Расеяй і Захадам на фоне анексіі Крыма Расеяй.

Варшава неаднаразова заяўляла, што не будзе купляць расейскі газ пасля 2022 года. Замест гэтага Польшча будзе купляць амерыканскі і нарвежскі газ.