Польшча плануе падвоіць экспарт прадуктаў харчавання ў Беларусь



У межах праграмы “Смакі Еўропы – якасць і традыцыя” палякі хочуць ствараць сумесныя прадпрыемствы з беларусамі і дзяліцца сучаснымі тэхналогіямі вытворчасці. Прэзентацыя трохгадовай еўразвязаўскай праграмы адбылася ў Менску ў межах выставы “Белагра”.

Беларускі эканаміст Міхась Залескі лічыць, што польскі бок найперш зацікаўлены ў рээкспарце тавараў у Расею:

– У Беларусі скарачаецца ўзровень прыбыткаў насельніцтва. І ёмістасць рынку, у тым ліку харчовага, не будзе расці. Усё з’ядуць масквічы. Галоўная мэта для палякаў – вырасціць, выгадаваць і прадаць. Галоўная мэта для беларускага бізнесу – рээкспартаваць гэта ў Маскву.

Пры гэтым эканаміст у цэлым станоўча ацэньвае магчымасці праграмы “Смакі Еўропы” для ўсіх яе ўдзельнікаў і адзначае лепшыя магчымасці для супрацы ў заходнім напрамку ў параўнананні з усходнім:

– Інтэграцыя з Польшчай і Літвой ідзе значна хутчэй, чым з Расеяй. То бок, перайманне тэхналогій, перайманне стандартаў, памежны гандаль, паездкі людзей з эканамічнымі мэтамі і іншае – усё гэта нарошчваецца на Захад, а не на Усход. Бо аб’ектыўна канкурэнтаздольнасць Еўразвяза ў мірных кампанентах вышэйшая за канкурэнтаздольнасць Расеі.

Дарэчы, летась імпарт харчоў з Польшчы ў Беларусь склаў 210 мільёнаў еўра, а толькі за першы квартал гэтага года – 92 мільёны еўра. Адметна, што польскія прадукты таннейшыя за беларускія, што, на думку польскага боку, звязана з выкарыстаннем эфектыўных тэхналогій.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mpsh.ru