Польшча забяспечыла пастаўкі газу з Нарвегіі па Baltic Pipe



Польшча пачне атрымліваць нарвежскі газ па трубаправодзе Baltic Pipe, які мусіць запрацаваць з 1 кастрычніка. Аб гэтым паведамляе РАР са спасылкай на дзяржкампанію PGNiG.

Паводле інфармацыі кампаніі, ужо заключаны кантракты на пастаўку газу з нарвежскіх шэльфавых радовішчаў. Пры гэтым да канца года прапускная здольнасць Baltic Pipe будзе выкарыстоўвацца на 100 працэнтаў.

PGNiG таксама сцвярджае, што разам з пастаўкамі СПГ закупкі нарвежскага трубаправоднага газу поўнасцю забяспечаць патрэбнасці краіны падчас ацяпляльнага сезона.

Прапускная здольнасць новага газаправода складае 10 млрд кубаметраў за год, такім чынам, пасля яго запуску да канца года Польшча можа атрымаць 2-3 млрд кубаметраў.

У гэтым годзе Варшава адмовілася плаціць за газ па схеме, зацверджанай прэзідэнтам Расеі, пасля чаго пастаўкі паліва па «Ямал-Еўропе» былі спыненыя. Трэба адзначыць, што польскі ўрад не меў намер працягваць кантракты на пастаўкі газу па „Ямал-Еўропе”, разлічваючы на ​​газ з Нарвегіі і новыя маршруты.