Польшча знайшла выйсце з расейскага эмбарга



Цікавым і цяжкім пытаннем называе рынак з-за ўсходняй мяжы польскі бізнесовец. “Тут ёсць і пазітыўныя, і негатыўныя моманты,” – адзначае старшыня Гандлёва-прамысловай палаты ў Беластоку Вітальд Карчэўскі.

Сярод пазітыўных ён называе далейшае развіццё эканамічнай супрацы і абмен, а сярод негатыўных – эмбарга, якое працягвае дзейнічаць у стасунках з Расеяй:

–  Шмат тавараў, асабліва з агра-спажывецкай сферы, не могуць быць экспартаваны. І гэта ўплывае на баланс. Разам з тым прадпрымальнікі наладжваюць адносіны, падпісваюць кантракты, ёсць таваразварот. Мяжа працуе перадусім у выходныя дні, ёсць машыны. І назіраем цікавую з’яву: нягледзячы на эмбарга на агра-спажывецкія тавары, вынікі па першым квартале вельмі задавальняючыя – маем павелічэнне экспарту гэтых тавараў.

Польскі бізнес пераключаецца на іншыя рынкі збыту: гаворка ідзе, у прыватнасці, пра Кітай, Японію, Карэю і краіны Афрыкі. “Тым не менш, усходні рынак застаецца для нас вельмі важным, і будзем далей працаваць у гэтым напрамку”, – дадае наш суразмоўца.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя