Польскі бізнес адзначае пазітыўныя зрухі ў кантактах з Беларуссю



Пацяпленне на палітычным узроўні прыводзіць да актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.  Сярод галоўных жа аспектаў дзейнасці амбасады Рэспублікі Беларусь у Польшчы – развіццё такога супрацоўніцтва.

Пра гэта гаварыў надзвычайны пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы Аляксандр Авяр’янаў, які правёў сустрэчу з прадстаўнікамі падляшскага бізнесу:

На паляпшэнне адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, у тым ліку польска-беларускіх адносінаў, паўплывалі пытанні бяспекі ў рэгіёне, найперш падзеі на ўсходзе Украіны. Менск, прыгадаю, стаў пляцоўкай для перамоўнага працэсу. Таксама нармалізацыі адносінаў спрыяе новы польскі ўрад. Ідзе актывізацыя кантактаў на высокім узроўні.

У Варшаву запрошаны спікер Савета Рэспублікі РБ Міхаіл Мясніковіч, цяпер ідзе ўзгадненне гэтага візіту. У красавіку ў Беларусь прыедуць чальцы польска-беларускай супольнай парламенцкай групы. Ёсць ідэя правядзення Форуму рэгіёнаў.

Наш напрамак заўсёды быў больш палітычны, чым эканамічны. Мы заўсёды імкнемся дамагчы нашым экспарцёрам. Хачу заўважыць, што цяпер адзначаюцца паляпшэнні ўзаемных гандлёва-эканамічных адносінаў. Пра гэта сведчыць у тым ліку статыстыка.

Паводле Белстату, тавараабарот паміж Беларуссю і Польшчай за студзень-лістапад 2016 года перавысіў 1 млрд 830,4 млн даляраў. Экспарт у Польшчу склаў 758,2 млн даляраў, імпарт 1 млрд 72,2 млн даляраў.

Плануецца, што ў найбліжэйшыя 2-3 гады тавараабарот Беларусі і Польшчы можа дасягнуць 4 мільярдаў даляраў. Прынамсі, пра гэта было заяўлена на 20-м Беларуска-польскім эканамічным форуме “Добрасуседства-2016”, які прайшоў летась у кастрычніку.

Старшыня назіральнай рады бельскай фірмы Unibep SA Ян Мікалушка прыводзіць канкрэтны прыклад таго, як палітыка ўплывае на эканоміку:

Гэта ўжо заўважна, і магу прывесці першы прыклад сапраўды вялікага маштабу. Інвестар гандлёвага цэнтра ў Гародні атрымаў, як першы і пакуль што адзіны ў Беларусі, непасрэдны крэдыт з польскага банка. А квота крэдыту такая, што для яго вылучэння, патрэбнае было палітычнае рашэнне. І такое рашэнне было прынятае.

Паводле Яна Мікалушкі, гаворка ідзе пра суму 55 мільёнаў злотых.  Bank Gospodarstwa Krajowego вылучыў іх беларускай кампаніі “Трыніці Інвест” на завяршэнне будаўніцтва шматфункцыйнага комплексу Triniti у Гародні. Угода з’яўляецца прамой інвестыцыяй без удзелу беларускага банка. Сам аб’ект плануецца адкрыць прыкладна праз год.

Пры гэтым Яна Мікалушка звярнуў увагу на тое, што Беларусі трэба развіваць сваю банкаўскую сістэму, якая яшчэ пакуль заслабая для маштабных аперацый.

Падчас сустрэчы паслу Аляксандру Авяр’янаву задавалі шмат пытанняў. Найперш візавых, але таксама і пра малы памежны рух:

Дамова пра малы памежны рух пакуль не можа быць уведзена. Справа ў тым, што мы не маем новай міждзяржанай дамовы “Аб рэжыме граніцы”, і ў гэтым вялікая праблема. Размовы паміж Польшчай і Беларуссю на гэты конт вядуцца ўжо два гады.

Старшыня Падляшскага клуба бізнесу ў Беластоку Рышард Івашкевіч звяртае ўвагу на візавыя бар’еры:

Мы разлічваем на поўнае скасаванне візаў, а таксама на адкрыццё большай колькасці памежных пунктаў пропуску. Ёсць станоўчыя прыклады бязвізавага руху, але гэтага яшчэ недастаткова. На граніцах стаяць вялікія чэргі, для наведвання Беларусі трэба рабіць візу, і гэта можа адбіць ахвоту ўвогуле ехаць у Беларусь.

На гэты момант пяцідзённы бязвізавы рух ахоплівае рэгіён Аўгустоўскага канала і Гародню пры перасячэнні граніцы праз вызначаныя аўтамабільныя пункты пропуску.  А пры перасячэнні граніцы праз пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” пяцідзённы бязвізавы рух ахоплівае ўсю Беларусь. Скарыстацца ім могуць грамадзяне 80 дзяржаў.

Ужо больш за паўтара гады дзейнічае бязвізавы рух у беларускай частцы Белавежскай пушчы, а з траўня бягучага года такі ж рух распачнецца на Аўгустоўкім канале ў пункце пропуску Рудаўка-Лясная.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту РБ на 15 лютага, з пачатку дзеяння бязвізавага руху праз аэрапорт “Мінск” (з 12 лютага 2017 года), магчымасцю без візы наведаць Беларусь скарысталіся каля паўтысячы замежнікаў. Колькасна пераважаюць грамадзяне Германіі і Польшчы – па 82 чалавека. З Італіі прыбылі 48 чалавек, Літвы – 32, Францыі – 21, Вялікабрытаніі – 20.

Сустрэча з паслом Аляксандрам Авяр’янавым прайшла ў Падляшскім клубе бізнесу ў Беластоку. На яе прыйшлі некалькі дзясяткаў бізнесоўцаў з падляшскага рэгіёну. У канцы сустрэчы бакі абмяняліся памятнымі падарункамі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя