Польскі бізнес – галоўны інвестар “Гроднаінвесту”
Каля 43% замежных інвестыцый, якія паступаюць у Свабодную эканамічную зону “Гроднаінвест”, ажыццяўляецца дзякуючы польскаму бізнесу або праз яго пасярэдніцтва. Такую лічбу прыводзіць кіраўнік Адміністрацыі эканамічнай зоны Сяргей Ткачэнка. Паводле яго, у “Гроднаінвесце” цяпер працуе капітал больш чым з 30-ці краін свету, а сферы інвестыцый – самыя розныя:
– Мэблевая вытворчасць, лёгкая прамысловасць, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Зараз мы актыўна вядзём працу ў турбізнесе. І дзякуючы адкрыццю ў поўным аб’ёме Аўгустоўскага канала мы ў гэтым годзе разам з польскімі тураператарамі зрабілі першыя праходы на яхтах з польскага Аўгустова ў Гародню і назад. Такую ж працу мы вядзём і з літоўскімі калегамі ў кірунку Друзгенікі-Гародня, каб звязаць іх водным маршрутам з тым, каб гэтая водная жамчужына выкарыстоўвалася і ў адпачынку, і ў бізнесе.
Свабодная эканамічная зона прываблівае інвестараў льготамі на падаткі. У “Гроднаінвесце” важным фактарам з’яўляецца таксама памежнае размяшчэнне – адзначае Сяргей Ткачэнка. Гэта, між іншым, дае магчымасць актыўна развіваць транспартную лагістыку, у тым ліку, звязаную з чыгуначным транспартам і марскімі портамі ў Польшчы і Літве.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя