Польскі погляд на беларускі падатак на “дармаедства”



“Думка, каб абкласці падаткам кагосьці, хто не працуе, у сітуацыі, калі працы няма, – дурная”, – лічыць эканаміст Цэнтра імя Адама Сміта Роберт Гвяздоўскі. На запрашэнне Універсітэта ў Беластоку гэты вядомы польскі эканамічны эксперт тлумачыў, якія наступствы маюць накладаныя дзяржавай падаткі.

Пра падатковыя ідэі кіраўніка Беларусі і эканамічную сістэму нашай краіны з Робертам Гвяздоўскім гутарыў Лукаш Леанюк.

РР: Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўвёў так званы “падатак на дармаедства”. Ці такі падатак, паводле Вас, сёння мае падставы, каб існаваць?

Роберт Гвяздоўскі: Тут няма нічога новага. У Польшчы таксама былі такія падаткі ў часы камунізму. Раней існавалі так званыя “працоўныя лагеры”. Бо не працаваць – гэта вельмі дрэнна. Таму трэба ападаткаваць тых, хто не працуе. Бо калі працавалі, то плацілі падаткі. Адпаведна ўхіленне ад аплаты падаткаў шляхам непрацавання – гэта непатрыятычна. На жаль, так многія думаюць і сёння.

РР: Але ці можна ў сённяшніх эканамічных умовах існаваць такі падатак у Беларусі?

Роберт Гвяздоўскі: Як казаў Бенджамін Франклін, у жыцці непазбежныя толькі дзве рэчы: смерць і падаткі. Аднак смерць выпадае толькі раз у жыцці, а падаткі мусім плаціць пастаянна.

Падаткі бываюць розныя, як і іх наступствы. Некаторыя падаткі неразумныя, некаторыя маюць нейкі сэнс. Ідэя ўвесці падатак для тых, хто не працуе, у сітуацыі, калі няма працы, – дурная. Наколькі я ведаю, шмат беларусаў выязджае за мяжу ў пошуках працы.

РР: А ці цэнтралізаваная сістэма гаспадаркі Беларусі ў сённяшніх сусветных абставінах неяк яшчэ абараняецца?

Роберт Гвяздоўскі: Калі б цэнтралізаваная сістэма гаспадаркі магла функцыянаваць, то не разваліўся б Савецкі Саюз. Як правіла, ва ўсіх камуністычных краінах існавала цэнтралізаваная сістэма гаспадаркі. Мы не ў стане цэнтральна кіраваць гаспадаркай. Людзі бываюць розныя, з даволі рознымі жаданнямі. Кожны з іх ставіць перад сабой мэту. І дасягае яе тымі сродкамі, якія мае. Але ў даўжэйшай перспектыве нічога добрага з гэтага не выходзіць.

РР: Як Вы думаеце, што чакае беларускую эканоміку?

Роберт Гвяздоўскі: Не стану рабіць нейкія прагнозы, бо добра не ведаю беларускай эканомікі. Але жадаю беларусам толькі найлепшага.

Роберт Гвяздоўскі – кандыдат юрыдычных навук, прафесар Універсітэта імя Лазарскага, актыўны эканамічны каментатар, эксперт у галіне падаткаў Цэнтра імя Адам Сміта.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: Adam Chelstowski / FORUM