Порт Клайпеды працягвае перавалку беларускіх угнаенняў



Порт Клайпеды працягвае перавалку беларускіх калійных угнаенняў, аднак ён ужо страціў нафтапрадукты і азотныя ўгнаенні з Беларусі. Пра гэта Delfi паведаміў прэзідэнт Асацыяцыі стывідорных кампаній Літвы Вайдотас Шылейка.

«Беларускія нафтапрадукты і азотныя ўгнаенні больш не перавальваюцца ў Клайпедскім порце, гэта каля 3 млн т за год. Калі ў снежні спыніць перавалку калійных угнаенняў „Беларуськалія”, порт страціць яшчэ 10 млн т грузаў у год. Такая страта, несумненна, нанясе сур’ёзны ўдар па ўсім Клайпедскім порце і кампаніям, якія там працуюць», — сказаў Шылейка.

Пакуль у тэрмінале насыпных грузаў перавалка калійных угнаенняў працягваецца. У Мінтрансе Літвы выданню пацвердзілі, што перавозка грузаў з Беларусі працягваецца ў звычайных аб’ёмах. Далейшы транзіт будзе залежаць ад плацежаздольнасці „Беларуськалія” і змяненняў у рэжыме санкцый. З 8 снежня ў адносінах да вытворцы калійных угнаенняў пачнуць дзейнічаць санкцыі ЗША.

«Санкцыі, уведзеныя ў ЗША, не прымяняюцца аўтаматычна да кампаній за межамі ЗША. Іх праца з 8 снежня будзе залежаць ад рашэння фінансавых інстытутаў абслугоўваць «разлікі Беларуськалія» з суб’ектамі Літвы ці іншых краін», – растлумачылі ў Мінтрансе.

reform.by