Пра беспілотныя трактары на беларускіх палях



Не паспела я адысці ад інфармацыі пра стварэнне першага беларускага самалёта, як з’явілася інфармацыя, што ў Беларусі будуць развіваць вытворчасць беспілотных трактароў. Буду спадзявацца, не пераблытаюць, што мусіць быць беспілотным: самалёт ці трактары. Але ў стварэнні трактароў Беларусь хоць досвед мае. Гэта не самалёты ствараць на базе авіярамонтных заводаў. Мінскі трактарны завод дзейнічае з 1946 года. Ды і падаць, калі што, ніжэй: трактары, хоць і без пілота, але па зямлі ездзяць.

Ствараць беспілотныя трактары збіраецца МТЗ у супрацоўніцтве з Казанскім федэральным універсітэтам. Галоўнае, каб не ў супрацоўніцтве з „Беллегпрамам”. Яны таксама многа чаго абяцалі зрабіць. Джынсавую вопратку з 2016 года чакаем. А з тракарамі яшчэ складаней будзе. Тут не толькі нажніцы з ніткамі патрэбныя. Між іншым, два беспілотныя трактары ўжо маюцца. Іх нават паказалі публіцы. Праўда, не ў дзеянні, а як экспанаты. На выставе “Беларусь інтэлектуальная” МТЗ прадставіў два сучасныя трактары. Адзін стварылі сумесна з навукоўцамі Аб’яднанага інстытута машынабудавання Акадэміі навук. Другі — сумесна з Казанскім універсітэтам. Трэба, адзначыць, што „Беллегпрам” таксама дэманстраваў джынсы. Але далей за дэманстрацыю мадэляў справа не пайшла. А ўсё ж такі цікава, што з’явіцца хутчэй: беспілотныя трактары ці беларускія джынсы.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя