Пра падачу скаргаў на працэдуру дзяржаўных закупак
У Беларусі пакуль не будуць спаганяць грошы за падачу скаргаў на працэдуру дзяржаўных закупак. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разглядала прыклад Польшчы, дзе бяруць грошы за падачу скаргаў на такую працэдуру, доўга абмяркоўвала такую магчымасць, але пакуль вырашана такую практыку не ўводзіць. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў начальнік упраўлення дзяржаўных закупак міністэрства Павел Жукоўскі:
– Думалі над гэтым. Калі, напрыклад, скарга прызнаецца абгрунтаванай, адпаведна сродкі вяртаюцца суб’екту гаспадарання. Калі не абгрунтаванай, адпаведна сродкі пералічваюцца ў бюджэт. Мы падумалі, улічваючы сціслыя тэрміны на прыняццё рашэння аб абскаржванні, яшчэ звязвацца з пералічэннем сродкаў на рахункі казначэйства і ўсё іншае… то бок гэта істотна павялічыла б работу.
У 2018 годзе ў міністэрства было пададзена прыблізна 800 скаргаў на працэдуры дзяржзакупак, з якіх неабгрунтаванымі былі прызнаныя 40%. Яшчэ 20% прызнаныя неабгрунтаванымі ў сувязі са скасаваннем здзелак да падачы скаргі і 40% — абгрунтаванымі.
Беларускае Радыё Рацыя