Пра што распавялі незалежныя прафсаюзы дэлегацыі МАП?



“Беларускі ўрад хоча вярнуць гандлёвыя прэферэнцыі”, – кажа старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Нагадаем, дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) на чале з дарадцам генеральнага дырэктара Кары Тапіёлам зараз знаходзіцца ў Беларусі, візіт працягнецца да 26 лютага. Сустракаліся госці ў тым ліку і з прадстаўнікамі Беларускага незалежнага прафсаюза.

Аляксандр Ярашук: Асноўнай тэмай нашай сустрэчы была агульная сітуацыя з незалежнымі прафсаюзамі і правамі працоўных. Што датычыцца ацэнкі, то мы зыходзілі з таго, што яна па-ранейшаму знаходзіцца дастаткова складанай, прынцыпова нічога не змяняецца. Асабліва, што датычыцца правоў працоўных. Мы спасылаліся на ўсе апошнія ўказы і дэкрэты, якія скіраваны на тое, каб пазбавіць працоўных апошніх праў. Гэта і кантракты, і прымусовая сістэма ў дрэваапрацоўцы… А дэкрэт аб лайдаках наогул выглядае дзікунствам на фоне беспрацоўя, якое толькі павялічваецца. Ва ўсім свеце беспрацоўе разглядаюць не як віну, а як бяду чалавека. У Беларусі ўсё наадварот, гэтая традыцыя засталася яшчэ з савецкіх часоў. Таму мы і сказалі, што разглядаем гэтыя дакументы, як характэрныя прыкметы прымусовай працы, якая асуджана канвенцыямі МАП. Натуральна, закранулі ў гутарцы і праблему таго, што незалежныя прафсаюзы, як і раней, застаюцца ў своеасаблівым гета. У нас няма шанцаў ствараць незалежныя суполкі, не можам іх легалізаваць, бо ў краіне дзейнічае дазваляльны прынцып.

РР: Зараз беларускія ўлады, напэўна, натхніліся пазбаўленнем санкцый з боку Еўропы. Можа быць, яны хацелі б, каб МАП вярнула і гандлёвыя прэыерэнцыі?

Аляксандр Ярашук: Безумоўна, беларускі бок хоча, каб МАП зарэгістраваў нейкі прагрэс у выкананні сваіх рэкамендацый, хоць мы не чакалі нейкіх ацэнак ад сябраў дэлегацыі. Наша задача была – давесці да іх ведама тыя рэальныя факты, якія ёсць. Мы гэта зрабілі, як мне здаецца, досыць пераканаўча.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя