Пра тарыфы ЖКГ: Рэзкіх рухаў у бок павелічэння не будзе
„Магу сказаць, што рэзкіх рухаў у бок павелічэння не будзе”, — заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын 13 верасня на сустрэчы з калектывам філіяла № 2 ААТ „Рэчыцкі тэкстыль” (Гомельская вобласць), адказваючы на пытанне аб магчымым павелічэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.
„Сёння па шэрагу паслуг мы аплачваем прыблізна 80% іх сабекошту. Найбольш адчувальныя ў гэтым кірунку пазіцыі — ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. На гэты конт ёсць выразная пазіцыя. Кіраўніком дзяржавы пастаўленая задача: любое падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі павінна быць звязанае з ростам матэрыяльнага дабрабыту людзей”, — цытуе першага віцэ-прэм’ера прэс-служба ўрада.
Адказваючы на пытанні работнікаў прадпрыемства, Турчын праінфармаваў, што зараз урад не разглядае магчымасць далейшага падвышэння пенсійнага ўзросту. „У цяперашні час сітуацыя складваецца такім чынам, што з кожным годам колькасць людзей пенсійнага ўзросту на аднаго працоўнага павялічваецца. Разам з тым урад не разглядае пытанне падвышэння пенсійнага ўзросту. Што да пенсій, то сёлета неаднаразова падвышалі іх памеры. Плануем захоўваць сярэдні памер працоўных пенсій на ўзроўні 40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне”, — адзначыў ён.