Праблема з наяўнасцю валюты ў абменніках застаецца
Банкам дазволілі купляць на біржы любыя аб’ёмы валюты для насельніцтва. Эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што цалкам гэтая мера праблему наяўнасці валюты ў абменніках не здымае.
“Няма абмежаванняў па сумах куплі валюты на біржы для патрэбаў насельніцтва. Калі банк лічыць, што ён гэтую валюту прадасць на працягу дня, ён можа купіць любы аб’ём валюты”, – паведамілі БелаПАН прадстаўнікі банкаўскага сектара.
Раней аб’ём набытай банкам на біржы валюты быў абмежаваны.
“Банкам вызначалі валюты ў невялікай колькасці, але яны не накіроўвалі яе ў абменнікі, а працавалі ад абарота, прадаючы той аб’ём валюты, які куплялі”, – удакладніў прадстаўнік банка.
Барыс Жаліба: Гэтая мера, безумоўна, паўплывае на тое, каб у абменніках стала больш валюты. А ўвогуле забарона была як бы негалоснай, і спецыялісты пра яе толькі здагадваліся. Тым не менш, застаецца іншая праблема. Быццам бы банкам не было выгодна купляць валюту, якая пастаянна даражэла, з-за таго, што Нацбанк устанавіў для камерцыйных банкаў межы адхілення ад афіцыйнага курса плюс-мінус 2 працэнты. Маржа была недастатковай, каб банкі не прайгравалі пры набыцці валюты на біржы. І вось гэты фактар застаецца, а таму практыка пакажа, што будзе далей.
РР: Калі б межы адхілення таксама адмянілі?
Барыс Жаліба: Думаю, гэта канчаткова вырашыла б праблему наяўнасці ў абменніках. Няхай бы банкі самастойна ўстанаўлівалі курсы. А пакуль не факт, што валюта з’явіцца ў неабмежаванай колькасці нават пасля таго, як банкам дазволілі купляць на біржы любыя аб’ёмы валюты для насельніцтва. Пункты абмена, безумоўна, падмацуюць валютай хаця б зраніцы, але далей ізноў будуць працаваць з абарота. Паўтаруся, праблема застаецца.
РР: Раўнавесны курс пакуль не дасягнуты?
Барыс Жаліба: Натуральна, не дасягнуты. Пакуль будуць падаць кошты на нафту, пакуль будуць заходнія санкцыя да Масквы, шлях што расейскага рубля, што беларускага адзін – на далейшую дэвальвацыю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belaruspartisan.org